RFE/RL |
Чацьвер, 4 Траўня 2000 |
Сёньня |
У Міністэрстве замежных справаў Беларусі прайшла навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная Нацыянальнай праграме разьвіцьця экспарту на 2000–2005 гады. Распрацоўшчыкі гэтае праграмы разьлічваюць на прырост беларускага экспарту за гэты пэрыяд амаль у паўтара разы. Аднак незалежныя аналітыкі й практыкі выказваюць сумнеў. Міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў зазначыў, што Нацыянальная праграма разьвіцьця экспарту, які зьяўляецца адным з прыярытэтаў у эканоміцы, не бездакорная, але рэальная. Пры гэтым у МЗС паведамляюць, што за першы квартал гэтага году экспарт ужо вырас на 27 адсоткаў. У праграме закладзеныя сапраўды сьціплыя тэмпы росту экспарту. Але гэтая праграма ня ўлічвае цэлы шэраг застарэлых праблемаў нашай эканомікі, якія перашкаджаюць ейнай рэалізацыі. Па-першае, наяўнасьць некалькіх курсаў замежных валютаў. Валеры Бушыла, кіраўнік ЗАТ “Маладэчнамэбля”, што палову сваёй прадукцыі экспартуе, падлічыў, што пры цяперашнім 30-адсоткавым абавязковым продажы замежнае валюты дзяржаве ягонае прадпрыемства фактычна абкладаецца дадатковым падаткам у памеры 20-25 адсоткаў. Па-другое, згодна з прэзыдэнцкім указам, за пратэрмінаваныя плацяжы экспартэраў чакаюць штрафы… Па-трэцяе, расейскі рынак, на які была зарыентаваная беларуская эканоміка, становіцца ўсё меней прывабным для нашых экспартэраў, разьлікі йдуць лепш з краінамі Захаду. Гэта й нагадалі распрацоўшчыкам праграмы кіраўнікі некалькіх прадпрыемстваў-экспартэраў, што ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі. Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Тацяна Быкава падкрэсьліла, што далейшае “закручваньне гаек” з умовамі рэгістрацыі прадпрыемстваў, скарачэньне малога й сярэдняга бізнэсу ня можна станоўча адбіцца на экспарту, пры тым, што бальшыня прадпрыемстваў гэтак званага рэальнага сэктару мае зношанае абсталяваньне і ў хуткім часе проста будзе ня здольная падтрымліваць свае экспартныя магчымасьці. Распрацоўшчыкі праграмы, у прыватнасьці дэкан факультэту эканомікі БДУ Міхал Кавалёў, зазначалі, што яны асабліва й не разьлічваюць на замежныя інвэстыцыі, а таму трэба рабіць стаўку на нутраное інвэставаньне. Аглядальніца эканамічнага штотыднёвіку “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак ставіцца да гэтае ідэі вельмі скэптычна, бо бальшыня беларускіх прадпрыемстваў ужо страцілі свае абаротныя сродкі. Гаворыць Тацяна Манёнак: (Манёнак: ) “Наўрад ці ўдасца выкананць гэтую праграму, бо сёньня прамыслоўцы скардзяцца на тое, што ім нявыгадна пастаўляць прадукцыю на замежныя рынкі. Мы сёньня вырашылі на сэмінары, што больш мэтазгодна прадаваць прадукцыю на беларускія рынкі. Гэта зьвязана ізноў жа з розьніцай курсу. Усе сыходзяць з таго, што вось гэтыя дзяржаўныя прадпрыемствы могуць быць канкурэнтназдольнымі на рынку. Гэтага ня будзе. З гэтага лімону, як кажуць, ужо выціснулі ўсе сокі”. Гэта была аглядальніца аналітычнага тыднёвіку “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак. “Белорусский рынок” у адным з апошніх нумароў жорстка раскрытыкаваў Нацыянальную праграму разьвіцьця экспарту, і з гэтай крытыкаю вымушаны быў пагадзіцца міністар замежных справаў Урал Латыпаў. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |