RFE/RL |
Чацьвер, 4 Траўня 2000 |
Сёньня |
У Менску праводзілася рэпэтыцыя сьвяточнае дэманстрацыі, якая мусіць адбыцца 9 траўня. У рэпэтыцыі бралі удзел больш за пяць тысячаў падлеткаў і дзяцей зь менскіх школаў і вучэльняў, якіх прывезьлі ў цэнтар гораду настаўнікі ды выкладчыкі. Сёньня больш чым на дзьве гадзіны зьмяніўся звычайны парадак жыцьця ў цэнтры беларускае сталіцы. Прычына – чарговая рэпэтыцыя сьвята Перамогі. Гэтым разам па вызваленым ад транспарту праспэкце Скарыны маршавалі хлопцы й дзяўчаты ў цывільным – навучэнцы менскіх школаў, сярэдніх ды вышэйшых вучэльняў ды іхныя настаўнікі. Усяго на рэпэтыцыю, паводле афіцыйных дадзеных, было прывезена больш як пяць тысячаў чалавек. Дзеля гэтага ў іх адмянілі заняткі. Што, канешне ж, ня вельмі засмучала будучых дэманстрантаў. Прыкладам, яны з задавальненем раздавалі інтэрвію, у тым ліку й “Радыё Свабода”… (Голас: ) “Горад Менск, сярэдняя школа”. (Карэспандэнт: ) “Што вы тут робіце?” (Голас: ) “Рыхтуемся да 9-га траўня” Дакладна ў тры гадзіны дзяцей вывелі атрадамі на праспэкт і пагналі гэтую калёну да пляцу Незалежнасьці, са зваротным ходам па вуліцы Маркса і зноў па праспэкце да пляцу. Кожны атрад ішоў са сваім транспарантам, бальшыня зь якіх была на тэму перамогі, але трапляліся й такія як “Моладзь з маладым прэзыдэнтам”. Гэты, відаць, застаўся ад нейкага іншага сьвята. Калі калёна прайшла уздоўж трыбуны, дзе 9 траўня будзе стаяць той, “з кім” нашая моладзь, чалавек, што хаваўся на пляцы за кустамі, выпусьціў зь клеткі галубоў . Белыя прыгожыя птушкі пранесьліся над пляцам як кулі й зьніклі высока ў небе. Але чалавек перакананы, што галубы да 9-га прыляцяць дадому і ён іх пад час параду, як і прадугледжана сцэнаром, зноў запусьціць. За гэта яму паабяцаная прэмія, памер якой ён не назваў. Як і тое, колькі каштуюць ягоныя галубы. (Голас: ) “У нас у Беларусі дзешава. Але з машыны ён дорага каштуе”. Рэпэтыцыя скончылася, і я скіраваўся на вуліцу Карла Маркса, па якой толькі што праходзілі калёны школьнікаў. Жыхары дамоў з гэтае вуліцы былі заблякаваныя ў сваіх дамох у мінулую пятніцу, калі праходзіла першая рэпэтыцыя вайсковае часткі параду. Сёньняшняя рэпэтыцыя прынесла ім менш клопату, таму, відаць, мае суразмоўцы зноў вярталіся да падзеяў мінулае пятніцы. Судэнтка Сьвятлана, якая жыве у 21-м доме, згадвала: (Голас: ) “Я хацела папасьці дадому. Была міліцыя, патрабавалі пашпарты, карацей, даволі доўга давялося іх упрошваць. Увогуле нармальна, хай рэпэтуюць дзе заўгодна, але мяне хай не чапаюць”. А вось якую гісторыю распавёў прадпрымальнік Аляксандар, чый офіс месьціцца ў тым жа 21-м доме на вуліцы Карла Маркса… (Аляксандар: ) “У пятніцу мы гулялі ў футбол у Вясьнянцы на Машэрава. Позна гэта ўсё скончылася, і вырашылі мы на стадыёне “Дынама” папіць піва. Гэта па начным горадзе прыкладна 10 хвілін язды, з Машэрава на “Дынама”, але нас спынілі перад праспэктам Скарыны, сказалі, што аж да Ўручча ўсё перакрыта, і мы ехалі на стадыён “Дынама” праз Малінаўку. Натуральна, калі прыехалі, нічога там ужо не было. Я стаўлюся адмоўна да гэтага, бо сьвята павінна быць для людзей, а ня супраць”. Гісторыі, падобныя да той, пра якую распавёў малады прадпрымальнік, маглі здарыцца й сёньня, бо ў самыя пікавыя гадзіны цэнтар гораду быў перакрыты. І зноўку людзям, каб патрапіць, напрыклад, зь Нямігі на “Дынама”, даводзілася рабіць крукі даўжынёю ў дзясяткі кілямэтраў. А заўтра ўвечары, паводле папярэджаньня гарадзкіх уладаў, будзе праведзеная яшчэ адна рэпэтыцыя. Такім чынам, паважаныя жыхары гораду-героя, рыхтуйцеся да новай аблогі. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |