RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 4 Траўня 2000

Сёньня:



Візыту ў Менск дэлегацыі “тройкі” АБСЭ, які пачаўся сёньня а 15-й гадзіне, папярэднічала тэрміновае паседжаньне Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Чым яно было выкліканае і як зьвязанае з прыездам у Беларусь эўрапейскіх парлямэнтароў?

Заканчэньне паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў супала па часе з прызямленьнем у менскім аэрапорце самалёту зь Вены, на якім прыбыла делегацыя “тройкі” АБСЭ.

Супрацоўнікі Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі некалькі разоў тэлефанілі з аэрапорту ў офіс сваёй місіі з адной мэтаю – даведацца, які адказ – станоўчы або адмоўны – далі лідэры апазыцыйных партыяў на прапанову сустрэцца зь першым заступнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Русакевічам, выказаную ім праз амбасадара Віка.

Менавіта з гэтае прычыны на прапанову Ганса-Георга Віка сёньня й было тэрмінова скліканае паседжаньне кіраўнікоў палітычных партыяў. Яны перш-наперш нагадалі міжнароднаму пасярэдніку пра тое, што Кансультацыйная рада яшчэ з восені настойвае на правядзеньні двухбаковых кансультацыяў з урадам, каб працягнуць размову пра сапраўдны пачатак перамоўнага працэсу ў Беларусі.

Па-другое, што асабліва падкрэсьлілі прадстаўнікі абедзьвюх партыяў БНФ, прапанова Русакевіча не выпадковая, а штучна прымеркаваная да прыезду “тройкі”. Натуральна, афіцыйныя ўлады хочуць чарговы раз увесьці ў зман міжнародную супольнасьць, падаць сытуацыю такім чынам, што рэжым робіць пэўныя крокі насустрач апазыцыі.

Таму партыі кансэнсусам прынялі рашэньне пра немагчымасьць такой сустрэчы пад час знаходжаньня ў Менску “тройкі”. Да таго ж, і з палітычнага, і з маральнага боку неапраўдана сустракацца з Русакевічам у той час, калі йдуць суды над экс-прэм’ерам Чыгіром, кіраўніком партыі, якая ўваходзіць у Кансультацыйную раду, Статкевічам, дэпутатам Вярхоўнага Савета Шчукіным, калі ўлады адмаўляюцца ўзбудзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, што зьбілі заступніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ (якая таксама ўваходзіць у Кансультацыйную раду) Юрася Беленькага.

Але гэта не азначае, што апазыцыя ўвогуле адмаўляецца ад прапанаванай ёй размовы. Яна прапануе вярнуцца да гэтае сустрэчы праз пэўны прамежак часу.

Пад час першае сёньняшняе сустрэчы дэлегацыі “тройкі” з Уладзімерам Русакевічам (а менавіта з гэтага й пачалася афіцыйная частка візыту) першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі акцэнтаваў увагу гасьцей менавіта на тым, што афіцыйныя беларускія ўлады хочуць палепшыць атмасфэру ў краіне.

У якасьці прыкладаў спадар Русакевіч і назваў прапанаваную сустрэчу зь лідэрамі палітычнай апазыцыі, а таксама гэтак званы “дыялёг”, які цяпер вядуць, паводле ягоных словаў, урад і грамадзтва.

Сёньня ўвечары “тройка” будзе мець яшчэ дзьве сустрэчы – зь міністрам замежных справаў Латыпавым і кіраўніком Цэнтарвыбаркаму Ярмошынай.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org