RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 4 Траўня 2000

Сёньня:



Зь сёньняшняга дня чарговы раз падвышаныя кошты на вадкае паліва. Адначасова адмененыя палёгкі ў цэнах для сельскіх спажыўцоў.

Кошты на бэнзын і дызэльнае паліва падвысіліся прыблізна на 10-12 адсоткаў. Так, літар 76-га бэнзыну будзе каштаваць 222 рублі, 92-га – 348 рублёў, 95-га – 410, дызэльнага паліва – 209 рублёў. Яшчэ даражэйшым паліва будзе на магістралі Берасьце – мяжа РФ.

Гэтае падвышэньне значна адаб’ецца на бюджэце аўтааматараў. Гэтак, поўны бак бэнзыну аўтамабіля сярэдняе клясы будзе каштаваць на дзьве тысячы рублёў даражэй, чым раней.

А адмена паніжаных тарыфаў для сельскагаспадарчых спажыўцоў выкліча незадаволенасьць сельскіх вытворцаў. Але такія захады неабходныя. Сельская гаспадарка атрымлівае шмат разнастайных палёгкаў, але вынікі ейнае працы ад гэтага зусім не паляпшаюцца.

У размове з карэспандэнтам “Свабоды” сытуацыю пракамэнтаваў заступнік кіраўніка Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар Сасноў. Ён заявіў: “Мне падаецца, што асноўная прычына падвышэньня коштаў у тым, што Беларусі няма чым плаціць суседняй дзяржаве за энэрганосьбіты. Урад адназначна зарыентаваўся на расейскія энэрганосьбіты, замест таго, каб дывэрсіфікаваць крыніцы энэргіі. Цяпер у Беларусі вялікая запазычанасьць, а даўгі трэба плаціць. На мой погляд, падвышэньне коштаў выклікана менавіта тым, што ў дзяржавы не хапае грошай, каб аплаціць запазычанасьць. Таму яна адбірае грошы ў тых, хто яшчэ нешта зарабляе”.

Аляксандар Сасноў лічыць таксама, што галоўная памылка была зробленая беларускім урадам значна раней. Паводле меркаваньня спадара Саснова, “анічога добрага, але й нічога дрэннага ў падвышэньні коштаў няма. Трэба было раней ісьці на лібэралізацыю цэнаў на паліва. Гэта й сёньня не запозна. Цэны – гэта толькі тэмпэратура на градусьніку. І трэба не тэмпэратуру зьбіваць, а лячыць хваробу”.

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org