RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 3 Траўня 2000

Сёньня



Напярэдадні травеньскіх сьвятаў Берасьцейскі абласны камітэт прафэссійнага саюзу работнікаў адукацыі і навукі прыняў зварот да дэпутатаў так званай “Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу”, у якім заклікаў іх адхіліць прапановы Аляксандра Лукашэнкі аб ўнясеньні зьменаў у Закон аб адукацыі. Берасьцейскія настаўнікі лічаць, што гэтыя зьмены істотна пагоршаць іхнае матэрыяльныя становішча.

Паводле словаў старшыні Берасьцейскага абкаму прафсаюзу работнікаў адукацыі й навукі Мікалая Каўша, на працягу ўжо трох гадоў гэты прафсаюз вядзе барацьбу за тое, каб органы выканаўчай улады выконвалі палажэньні закону аб адукацыі, якія ўмацоўваюць сацыяльны статус педагагічных работнікаў. Але зараз, на думку Мікалая Каўша, становішча ўскладняецца тым, што наступ на сацыяльныя гарантыі настаўнікаў распачаліся асабіста Аляксандрам Лукашэнкам.

У свой час адмысловым дэкрэтам ён ужо скасаваў некаторыя ільготы для пэдагагічных работнікаў, што працуюць у сельскай мясцовасьці. Цяпер у накіраваным у “Палату Прадстаўнікоў” праекце зьменаў і дапаўненьняў у Закон аб адукацыі Лукашэнка прапануе ўвесьці новыя абмежаваньні, якія тычацца правоў пэдагагічных работнікаў і фінансаваньня сыстэмы адукацыі. У прыватнасьці, у новым праекце закону адсутнічаюць сапраўдныя сёньня нормы, згодна зь якімі настаўнікі маюць права на больш працяглы адпачынак, ільготы па мэдычным абслугоўванні і пэнсыйным забесьпячэньні. Акрамя таго, пэдагагічныя работнікі, што жывуць у сельскай мясцовасьці, цяпер могуць быць пазбаўленыя магчымасьці бясплатна карыстацца жыльлём. І, нарэшце, з закону зьбіраюцца выкрэсьліць артыкул, дзе гарантуецца аплочваць працу педагогаў на ўзроўні сярэдняй заработнай платы ў прамысловасьці і фінансаваць сыстэму адукацыі на Беларусі ў памеры ня менш як 10 % ад нацыянальнага даходу краіны.

Дарэчы, апошняе палажэньне , хоць і было зафіксаванае ў законе, ніколі не выконвалася. А заробак настаўнікаў зараз складае каля 70% ад заробку работнікаў прамысловай сфэры. У Берасьцейскім абкаме прафсаюзаў лічаць, што прыняцьцё законапраекту ў згаданай рэдакцыі прывядзе да зніжэньня ўзроўню сацыяльнай абароны настаўнікаў, і таму яны зьвяртаюцца да дэпутатаў-палатнікаў з прапановай адхіліць папраўкі Аляксандра Лукашэнкі, якія павінны быць разгледжаныя ў першай палове траўня.

Старшыня абкому Мікалай Коўш лічыць, што Палата, у прыватнасьці, берасьцейскія яе прадстаўнікі, мусіць адхіліць згаданы законапраект, бо ягонае прыняцьцё фактычна паставіць крыж на іхных плянах зноў перамагчы на восеньскіх выбарах.

Што тычыць рэакцыі шэраговых настаўнікаў на магчымыя зьмены ў Закон аб адукацыі, дык яна цалкам прадказальная – ужо зараз настаўнікі церпяць ад сыстэматычных затрымак з выплатай заробку. Запазычанасьць складае трэцюю частку ад фонду заработнай платы работнікаў адукацыі. У выніку, напярэдадні траўня зь берасьцейскімі пэдагогамі пачалі разьлічвацца толькі за сакавік. Многія зь мясцовых настаўнікаў ужо рыхтуюцца да таго, што ў летні адпачынак яны пойдуць, так і не атрымаўшы ад дзяржавы ўсе заробленыя грошы.

Алег Супрунюк, Берасьце


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org