RFE/RL |
Серада, 3 Траўня 2000 |
Сёньня |
Амаль усе недзяржаўныя беларускія грамадзка-палітычныя выданьні адмовіліся браць удзел у выставе “Прэса-2000”, якая адкрылася сёньня ў Менску пад эгідаю Дзяржаўнага камітэту ў справах друку. Тым ня менш, старшыня камітэту Міхал Падгайны лічыць, што выстава атрымалася ўдалай. На выставе, што адкрылася сёньня ў менскім Палацы мастацтва, рэдакцыі беларускіх газэтаў і часопісаў рэклямавалі свой друкаваны тавар. Дзяржаўныя выданьні былі прадстаўленыя самыя розныя: ад “саліднай”, як яна сама сябе называе, прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» да раёнак пад архаічнымі назвамі кшталту «Шлях Ільіча» ці «Сцяг камунізма». Недзяржаўныя выданьні пераважна прадстаўлялі газэты й часопісы забаўляльнае тэматыкі. Былі й расейскія выданьні, што працуюць на беларускім рынку – «Известия», «АиФ» ды «Комсомольская правда». Першапачаткова плянавалася, што ў выставе возьмуць удзел і апазыцыйныя мас-мэдыі, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў. Для рэдакцыяў недзяржаўных газэтаў не было перашкодай і тое, што за разьмяшчэньне свайго павілёну на выставе яны мусілі заплаціць каля трох тысячаў даляраў. Аднак пасьля падзеяў 25 сакавіка, калі міліцыяй і нутранымі войскамі было затрымана 35 журналістаў, кіраўніцтва БАЖу адмовілася браць удзел у гэтай дзеі ды заклікала зрабіць тое самае рэдакцыі недзяржаўных газэтаў – пакуль улады ня знойдуць вінаватых у парушэньні правоў журналістаў. Тым ня менш, адное апазыцыйнае выданьне – «Белорусская Деловая Газета» – у сёньняшняй выставе ўдзельнічала. Вось як патлумачыў пазыцыю сваёй рэдакцыі дырэктар маркетынгу БДГ Аляксандар Вялікі: “Шчыра кажучы, нам незразумелая пазыцыя Асацыяцыі журналістаў. Калі мы не пакажам, што ёсьць незалежныя СМІ, як людзі даведаюцца пра нас? Мне здаецца, зьмешваць палітычныя падзеі 25 сакавіка й гэтую выставу, якую зарганізаваў Камітэт у справах друку, а не Міністэрства нутраных справаў, няслушна”, – паведаміў нашаму радыё спадар Вялікі. Дырэктар маркетынгу БДГ спадзяецца, што ўдзел у выставе дапаможа газэце знайсьці новых спонсараў ці рэклямадаўцаў. Узьнёслы настрой быў сёньня і ў гаспадара выставы, старшыні Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхала Падгайнага, які павіншаваў прысутных зь Міжнародным днём свабоды прэсы. Міхал Падгайны лічыць, што свабода прэсы ў Беларусі гарантавана законам, аднак свабода, маўляў, патрэбная толькі там, “дзе, навучыўшыся гаварыць, навучыліся думаць”. А вось як ставіцца спадар Падгайны да адмовы Беларускай асацыяцыі журналістаў ад удзелу ў выставе і ўвогуле да падзеяў 25 сакавіка: “Мы ня сталі б разьдзьмуваць нейкую канфрантацыю. Мы ня бачым падставы дзеля таго, каб БАЖ не прымала ўдзел у сёньняшняй выставе. Што ж тычыцца падзеяў 25-га – дык гэта прыкрая падзея, адразу хачу сказаць. Я вам шчыра скажу, калі я паглядзеў гэтую карцінку і ўбачыў, што бралі журналістаў, я сказаў, што большай дурасьці прыдумаць ужо немагчыма. Гэта тое самае, што токара адрываць ад станка, таму што ён працуе. Гэта праца журналістаў, яны ня ўдзельнічаюць у санкцыянаваным ці несанкцыянаваным мітынгу – яны працуюць”, – паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхал Падгайны. Што ж тычыцца фактаў адмовы мясцовых уладаў рэгістраваць некаторыя незалежныя рэгіянальныя выданьні (найперш, гарадзенскую газэту “Рэпарцёр”), дык спадар Падгайны гаворыць, што нічым ня можа дапамагчы, бо, маўляў, такі закон. А нязгодным з адмовай у рэгістрацыі журналістам Міхал Падгайны параіў падаваць на чыноўнікаў у суд. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |