RFE/RL |
Серада, 3 Траўня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 2 траўня) У міжнародны Дзень памяці ахвяраў эўрапейскага гэбрайства амбасада Ізраіля ў Менску ўручыла адмысловыя дыплёмы “Праведнікаў народаў сьвету” 11-ці беларускім грамадзянам, што ў гады Другое ўсясьветнае вайны ратавалі ад зьнішчэньня сваіх суседзяў-гэбраяў. Цырымонія такіх узнагароджаньняў адбываецца штогод у дзень памяці ахвяраў Галакосту. Амбасада Ізраіля зарганізавала сёньня з нагоды сумнае даты ў Нацыянальным музэі гісторыі Беларусі вечарыну памяці ахвяраў Катастрофы эўрапейскага гэбрайства. Паводле гэбрайскае традыцыі, забітых фашыстамі суайчыньнікаў узгадваюць штогод у 27 дзень месяца Нісана, калі ў 1943 годзе пачалося паўстаньне вязьняў Варшаўскага гэта. Цэнтральнай падзеяй гэтае акцыі стала наданьне тытулу “Праведніка народаў сьвету” людзям, што ў гады вайны хавалі ад нацыстаў гэбрайскія сем’і. Падобны тытул надаецца рашэньнем адмысловае камісіі Мэмарыяльнага інстытуту Катастрофы й гераізму эўрапейскага габрэйства “Яд Вашэм” у Ерузаліме. У Беларусі, дзе ў гады Другое ўсясьветнае вайны нацысты зьнішчылі каля 800 тысячаў мясцовых гэбраяў, такіх праведнікаў налічваецца прыкладна 300 чалавек. Аднак, на жаль, цяпер у жывых застаюцца толькі каля ста праведнікаў. Вось і сёньня, з адзінаццаці новых ляўрэятаў гэтага тытулу на цырымоніі ўзнагароджаньня прысутнічала толькі адна жыхарка Менску Людміла Салтановіч, якая выратавала з гэта сваю сяброўку Рахель Гляйгэнгаўз і доўга хавала яе ў сваім доме. А дыплёмы за Флярыяна, Вераніку, Станіслава, Стасю й Браніслава Зямчонкаў, Зота і Елізавету Чайковых, Браніслава й Аліму Пажарыцкіх, а таксама за Яна Валая, які не дажыў да ўзнагароджаньня ўсяго 10 дзён, атрымлівалі іх дзеці й родныя. Зьвяртаючыся да іх амбасадар Ізраіля ў Беларусі Марцін Пэлед-Флэкс сказаў: “Мы сабраліся тут сёньня, каб ушанаваць асаблівых людзей. Гэта праведнікі народаў сьвету. Гэтыя людзі рызыкавалі ўласнымі жыцьцямі, каб выратаваць сваіх суседзяў-гэбраяў, што жылі зь імі побач тут у Беларусі. І сваімі дзеяньнямі яны прадэманстравалі прыклад гераізму й вялікіх чалавечых адносінаў да блізкіх. Для мяне гэта сапраўды высокі гонар быць тут побач зь імі”, – сказаў ізраільскі дыплямат. На вечарыну памяці прыйшлі актывісты шматлікіх беларускіх і міжнародных гэбрайскіх арганізацыяў, а таксама амбасадары шэрагу заходніх дзяржаваў. Афіцыйныя ўлады прадстаўляў міністар культуры Аляксандар Сасноўскі. У гонар праведнікаў у музэі была адкрыта фотавыстава вядомага фатографа Анатоля Кляшчука. А вось што пасьля заканчэньня цырымоніі распавяла нашаму радыё праведніца народаў сьвету Людміла Салтановіч: “Калі пачалася вайна, гэбраяў загналі ў гэта. Я не магла й не хацела разумець, што мяне разлучаць зь сяброўкаю. Я хадзіла ў гэта, гарэлкі даш паліцаям, што стаялі – гэтак і праходзіш. А перад самым зьнішчэньнем вязьняў у сакавіку 1942 году мне ўдалося Рахель адтуль выцягнуць. Было страху на кожным кроку. Страх быў, але мы былі маладыя і трэба было ратаваць людзей”, – паведаміла новая праведніца народаў сьвету спадарыня Салтановіч. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |