RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 3 Траўня 2000

Сёньня



Сёньня ў Брусэлі каля будынку Эўрапарлямэнту адбываўся беларускі пікет. Адзін з удзельнікаў пікету Ігар Лазарчук даў нам тэлефоннае інтэрвію зь месца падзеі.

(Сокалаў: ) “Спадар Ігар, мы ведаем, што сёньня ў Брусэлі каля ўваходу ў будынак Эўрапарлямэнту адбываецца беларускі пікет. У сувязі з чым?”

(Лазарчук: ) “Пікет адбываецца ў сувязі з тым, што сёньня апошняе паседжаньне эўрапарлямэнтарыяў. Потым яны сыходзяць у адпачынак прыкладна да верасьня месяца. Таму мы вырашылі выйсьці зь пікетам, каб заклікаць эўрапарляментарыяў зрабіць вырашальныя крокі ў стаўленьні да становішча на Беларусі. Нас сем чалавек – гэта стваральнікі беларускага цэнтру ў Бэльгіі. Мы стаім з плякатамі, дзе зьвяртаемся да парлямэнтарыяў заклікаць беларускае кіраўніцтва да вырашальных крокаў – да свабоды палітвязьням, свабоды мас-мэдыя. Таксама мы нясем інфармацыйны плякат, што ў 1996 годзе адбыўся пераварот. Вакол шмат людзей, тут праходзіць нешта накшталт дня адчыненых дзьвераў”.

(Сокалаў: ) “Ігар, ці ёсьць нейкая рэакцыя з боку Эўрапарлямэнту?”

(Лазарчук: ) “Зараз каля нас спыніліся ангельцы й чытаюць нашыя плякаты. Крыху раней падыходзілі тайваньцы, выказалі падтрымку.
Да нас спускаліся германскія эўрапарлямэнтары з Партыі зялёных.
Нас фатаграфуюць, павінна прыехаць тэлебачаньне. Беларуская амбасада праводзіць тут выставу “Чарнобыль”. Мы выйшлі з палітычнымі патрабаваньнямі ды інфармаваньнем пра сытуацыю на Беларусі. Таксама мы падрыхтавалі ўлёткі, якія зараз раздаем. Мы зрабілі іх сумесна з Беларускім Гэльсынскім камітэтам, Беларускім Народным Фронтам ды іншымі нашымі дэмакратычнымі партыямі. Яны інфармуюць пра сытуацыю на Беларусі. Пазьней мы запрошаныя ў Эўрапарлямэнт. Ня кожнага запрашаюць у Эўрапарлямэнт. Ходзяць чуткі, што да нас спусьціцца міністар Бэльгіі”.

Гутарыў

Сяржук Сокалаў-Воюш


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org