RFE/RL |
Серада, 3 Траўня 2000 |
Сёньня |
Камітэт абароны журналістаў абвесьціў сьпіс дзесяці найгоршых ворагаў прэсы. Лідэрамі ў сьпісе – прэзыдэнт Сь’ера-Ліонэ Фодэй Сэнкоў, вышэйшы лідэр Ірану Аятола Хамэнэі, югаслаўскі лідэр Слабадан Мілошавіч... Гэтыя палітыкі, паводле Камітэту абароны журналістаў, нясуць пэрсанальную адказнасьць за свае дзеяньні супраць журналістаў і за тыя ўмовы, якія яны ў сваіх краінах стварылі для незалежных сродкаў масавай інфармацыі. “Ворагі прэсы ўжываюць розныя мэтады – ад адкрытых катаваньняў і зьнішчэньняў да больш вытанчаных сродкаў дзеля таго, каб хаваць няўгодную праўду”, – заявіла выканаўчы дырэктар Камітэту абароны журналістаў Эн Купэр. У сьпісе дзесяці найгоршых ворагаў прэсы фігуруе прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Ён яшчэ ў 1991 годзе паабяцаў свабоду прэсы, а пад час прэзыдэнцкай кампаніі 1999 году ўладныя структуры Казахстану ўзбуджалі крымінальныя справы супраць незалежных газэтаў. Прэзыдэнт Кубы Фідэль Кастра шосты раз занесены ў сьпіс ворагаў прэсы. Камітэт абароны журналістаў адзначае, што ўрад Кастра працягвае атакаваць незалежную журналістыку. Журналістаў арыштоўваюць і дапытваюць. На Кубе праслухоўваюцца і перарываюцца тэлефонныя размовы супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Абмежаваная свабода іх перамяшчэньня. Трэці раз у сьпісе – лідэр Тунісу Бэн Алі. Цягам 12-гадовага аўтарытарнага праўленьня Бэн Алі паставіў туніскую прэсу на калені. У краіне закрываюцца газэты, судзяць журналістаў, выкарыстоўваецца эканамічны ціск. Тыя некалькі журналістаў, якія зрабілі выклік аўтарытарызму, – страцілі працу. Ворагам прэсы ў чацьверты раз названы прэзыдэнт Кітаю Цьзянь Цзэмінь. Ад пачатку году 18 журналістаў былі пасаджаныя ў турму. Шасьцёра зь іх былі асуджаныя за карыстаньне Інтэрнэтам. У сьпісе Дзесяці найгоршых ворагаў прэсы – прэзыдэнт Малайзіі Махацір Махамэд, прэзыдэнт Пэру Альбэрта Фуджыморы і кіраўнік Анголы Эдуарда дэ Сантэс. Вольга Караткевіч |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |