RFE/RL |
Серада, 3 Траўня 2000 |
Сёньня |
3 мая на трэцім паседжаньні “грамадзка-палітычным дыялёгу”, скліканага на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі, нарэшце быў прыняты рэглямэнт гэтага працэсу ды прапановы да ўдасканаленьня Выбарчага кодэксу. Рэглямэнт гэтак званага “дыялёгу” быў прыняты без асаблівых дэбатаў, а пры абмеркаваньні прапановаў экспэртавае групы ў пытаньні ўдасканаленьня Выбарчага кодэксу бальшыня выступаў выходзіла за межы тэмы. Галасаваньня ў гэтых пытаньнях не было, яны былі ўхваленыя маўклівай згодаю прысутных. Ініцыятары прапанаваньня паправак у Выбарчы кодэкс, у прыватнасьці другі сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган, Уладзімер Гудзееў і Вольга Абрамава задаволеныя вынікам. Гаворыць Алена Скрыган: (Скрыган: ) “Нашыя ўсе прапановы, акрамя зьмешанай мажарытарна-прапарцыйнай сыстэмы, увайшлі ў гэтыя прапановы. Таму можна сказаць, што я задаволеная. Але гэтага мала для таго, каб ПКБ удзельнічала ў выбарах – прапановы могуць быць прынятыя, але могуць быць створаныя такія ўмовы… Хачу адзначыць, што сам па сабе Выбарчы кодэкс – ён нядрэнны, але практыкаягонага прымяненьня – вось што нас трывожыць”. Гэта была адзіная прадстаўніца апазыцыйных партыяў у “дыялёгу” Алена Скрыган. Сутнасьць прапановаў у зьменах у Выбарчы кодэкс у тым, каб зрабіць выбары больш празрыстымі. Прапановы ўтрымліваюць палажэньні аб памяншэньні планкі яўкі выбаршчыкаў да 25 адсоткаў, аб рэзерваваньні за палітычнымі партыямі трэцяй часткі складу выбарчых камісіяў. Прапаноўваецца больш дакладна акрэсьліць паўнамоцтвы назіральнікаў, у тым ліку забясьпечыць ім права на атрыманьне копіяў пратаколаў вынікаў галасаваньня. Прапаноўваецца адмяніць гэтак званае датэрміновае галасаваньне ды іншае. Як лічыць Вольга Абрамава, што старшынявала на паседжаньні, удзельнікі “дыялёгу” сваю справу зрабілі, цяпер слова за ўладаю. Як паведаміў ад імя “Палаты прадстаўнікоў” Мікалай Лазавік, паколькі “дыялёг” як такі ня мае права заканадаўчай ініцыятывы, дык трэба зьвярнуцца з просьбаю да кагосьці з дэпутатаў, каб яны ўнесьлі гэтыя прапановы на разгляд “Нацыянальнага сходу”. Гаворыць дэпутат “Палаты прадстаўнікоў” Пятро Жушма: “Магу адназначна сказаць, што з улікам таго, што гэта кансалідаваная думка экспэртавае групы і ўдзельнікаў дыялёгу, дык натуральна, што гэта ўсё будзе разгледжана вельмі ўважліва, я ўпэўнены, што большая частка зь іх будзе прынятая ў бліжэйшы час, у другой палове траўня – у чэрвені мы ўнясем зьмены ў Выбарчы Кодэкс”, – зазначыў Пятро Жушма. Такім чынам, улада паказвае, што могуць быць і нейкія паслабленьні ў выбарчым заканадаўстве. Магчыма, гэта зроблена адмыслова перад візытам у Менск “тройкі” з АБСЭ. Тым ня менш аб сапраўдных мэтах “дыялёгу” можна гаварыць і па зьяўленьні праектаў дакумэнтаў, якія былі раздадзеныя ўдзельнікам “дыялёгу” супрацоўнікамі “прэзыдэнцкай” адміністрацыі. Гэта зварот да Сталае рады АБСЭ ад імя ўздельнікаў “дыялёгу”, у якім зазначаецца, што гэты “дыялёг”… “цалкам адпавядае запатрабаваньням сучаснае стадыі разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі й адпавядае забавязаньням краіны, зафіксаваным у параграфе 22 Дэклярацыі Стамбульскага саміту АБСЭ… Аднак з-за незразумелых прычынаў частка апазыцыйных партыяў патрабуе правядзеньня асобных перамоваў з урадам і сьвядома выводзіць сябе з цывілізаванага рэчышча”. Аднак гэтая адозва ўхваленая не была – не хапіла часу. Магчыма, яе прымуць на наступым паседжаньні праз два тыдні. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |