RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 3 Траўня 2000

Сёньня:



Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі завершыла падрыхтоўку да візыту “тройкі” АБСЭ, які пачынаецца 4 трaўня.

Міжнародныя чыноўнікі прылятаюць у Менск апоўдні 4 траўня, а пакідаюць беларускую сталіцу роўна праз суткі. Акрамя непрацягласьці візыту, ёсьць і яшчэ адная абставіна, якая адразу кідаецца ў вочы. Сустракацца прадстаўнікі “тройкі” будуць галоўным чынам з афіцыйнымі ўладамі.

Мяркуйце самі. У чацьвер “тройка” будзе мець гутаркі выключна з прадстаўнікамі ўлады: першым намесьнікам адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Русакевічам, міністрам замежных справаў Латыпавым, страшынёй Цэнтарвыбаркаму Ярмошынай, дэпутатамі гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” Красуцкім і Козырам. На ўсё гэта адводзіцца пяць гадзінаў.

А вось апазыцыя (маюцца на ўвазе сябры прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, кіраўнікі палітычных партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, і кіраўнікі экспэртавых групаў) пабачацца з гасьцямі ўсе разам толькі ў пятніцу ўраніцу за агульным сьняданьнем.

Затым у плянах “тройкі” правядзеньне “круглага стала” працягам 90 хвілінаў паводле формулы 6 + 6 + 3 + 3, што азначае дыскусію, у якой ад уладаў і апазыцыі маюць права ўдзельнічаць па 6 асобаў. Да таго ж, кожны з бакоў можа запрасіць за “круглы стол” па 3 прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў.

На такі нераўназначны падыход да палітычнай апазыцыі зьвярнуў сёньня ўвагу сябра Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ад Беларусі Ўладзімер Нісьцюк.

Але кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік супакоіў парлямэнтарыя. Паводле амбасадара Віка, размова “тройкі” з дэпутатамі гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” Красуцкім і Козырам ня будзе мець рангу перамоваў. Але яна, паводле перакананьня Віка, неабходная таму, што патрэбна ў чарговы раз растлумачыць пазыцыю міжнароднае супольнасьці ў стаўленьні да Беларусі й папярэдзіць пра тыя нэгатыўныя наступствы, якія могуць мець месца ў дачыненьні да Беларусі, калі парлямэнцкія выбары ня будуць прызнаныя вольнымі й дэмакратычнымі.

Гэтае тлумачэньне амбасадар Вік зрабіў сёньня пад час сустрэчы з экспэртамі ў справах мас-мэдыяў ад Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Адначасова спадар Вік паведаміў, што ўчора ўвечары, калі ён і ягоны новы намесьнік Мішэль Рывальле сустракаліся з Уладзімерам Русакевічам, той нечакана папрасіў іх перадаць прадстаўнікам Кансультацыйнае Рады апазыцыйных палітычных партыяў пра сваё жаданьне мець зь імі сустрэчу пад эгідаю групы АБСЭ.

Што тычыцца складу дэлегацыі “тройкі”, якая наведае Менск, дык узровень эўрапейскіх пасланцаў ня вельмі высокі. Усе яны займаюць у сваіх міністэрствах замежных справаў (Аўстрыі, Нарвэгіі, Румыніі) аднолькавыя пасады – дырэктары дэпартамэнтаў у палiтычных пытаньнях.

Дэлегацыю ўзначальвае Вальтэр Зiгл з Аўстрыі – краіны, якая цяпер старшынюе ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Разам зь iм прыедуць спадары Штайнар i Канстанцiнэску. Генэральнага сакратара АБСЭ будзе прадстаўляць дарадчык у стасунках зь Беларусьсю з цэнтру ў прадухiленьні канфлiктаў пры сакратарыяце АБСЭ ў Вене Марыя-Лецiцыя Пуглiзi.

У Кансультацыйна-назiральнае групе АБСЭ адмыслова адзначылi, што (далей цытую) “вiзыт “тройкi” падкрэсьлiвае сталую заклапочанасьць АБСЭ адносна маруднага працэсу разьвiцьця дэмакратычных iнстытутаў у Беларусi”.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org