RFE/RL |
Серада, 3 Траўня 2000 |
Сёньня |
Сеньня ў Белгарацкай вобласьці Расеі адбылася сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Аляксандар Лукашэнка, Владзімір Пуцін і Леанід Кучма ўзялі ўдзел ва ўрачыстасьцях, прасьвечаных перамозе ў Другой сусьветнай вайне. Урачыстасьці праходзілі на Прохараўскім полі, дзе ў 43 годзе адбывалася адна з велізарнейшых танкавых бітваў Другой сусьветнай вайны. Кіраўнікі трох краінаў ўзялі ўдзел ў імшы, якая прайшла ля сьценаў храму святых апосталаў Пятра і Паўла на Прохараўскім полі. Патрыярх Рускай Праваслаўнай царквы Алексі Другі ў прысутнасьці трох лідэраў асьвяціў “звон яднаньня славянскіх народаў” са словамі Сергія Радонескага “Любоў’ю і адзінствам ўратуемся”. Пасьля асьвячэньня звана Лукашэнка, Пуцін і Кучма разам ўдарылі ў яго ў знак агульнага яднаньня. Паводле цырымоніі Лукашэнка заявіў (Лукашэнка: ) “Пэрпэктыва напісаная на тым зване, які быў сёньня асьвечаны нашым патрыярхам. Усе мы ўтрох узялі кожны за сваю вяроўку, і ўсе разм дружна ўдарылі тры разы ў гэты звон”. А Владзімір Пуцін выказаў наступнае меркаванне: (Пуцін: ) “Ясна, што перад такімі блізкімі, перад такімі роднаснымі народамі, якімі зьяўляюцца ўкраінцы, рускія і беларусы, ня можа быць ніякіх перашкодаў для аб’яднаньня сваіх намаганьняў для рашэньня галоўнай задачы, якая стаіць перад кожнай дзяржавай – каб зрабіць жыцьцё канкрэтнага чалавека і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, і ў Расеі шчасьлівым, квітнеючым і багатым”. А вось што сказаў Леанід Кучма: (Кучма: ) “Лёсы нашыя – агульныя. Карані нашыя – агульныя. І сіла нашая ў гэтым – агульная”. Асноўны час трох лідэраў ўзяў ўдзел ў сьвяточных цырымоніях, хаця варта адзначыць, што сэнс гэтых ўрачыстасьцяў насіў палітычны характар. Але прагучала і некалькі адкрыта палітычных заяваў. Як паведамляе Associated Press пад час кароткай гутаркі трох кіраўнікоў Лукашэнка прапанаваў Кучму далучыцца да беларуска-расейскага саюзу, але oкраінскі лід’р адказаў, што Ўкраіна такога намеру ня мае. На мітынгу, які прайшоў на Прохараўскім полі, Владзімір Пуцін заявіў: “Мы – адзіная сем’я, мы перамаглі, калі былі разам”. А Лукашэнка ў сваёй прамове назваў распад СССР “найвялікшай памылкай ХХ-га стагодзьдзя”. “Калі мы будзем адзіныя, з намі будуць лічыцца” – сказаў ён. Найбольш стрыманым быў прэзыдэнт Кучма, які выказаў меркаваньне, што “народы трох краінаў ў сеньняшнім неспакойным сьвеце ня могуць абыходзіцца адно без аднаго, без ўзаемнай падтрымкі”. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |