RFE/RL |
Аўторак, 2 Траўня 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Цэнтральны райаддзел міліцыі Гомелю былі выкліканыя вядомыя ў горадзе праваабаронцы Яўген Мурашка ды ягоная жонка Галіна Арцёменка. Падставай для гэтага, як высьветлілася, была праведзеная ў горадзе 26 красавіка гадзіна смутку па ахвярах Чарнобылю. Спадара Мурашку выклікалі ў міліцыю яшчэ 30 красавіка – а палове восьмай раніцы да яго на кватэру спэцыяльна прыяжджалі двое пасланцоў. Аднак, ня маючы пісьмовае позвы, Яўген Мурашка ня стаў зьяўляцца ў аддзел па вусным выкліку. Позва з аддзяленьня грамадзкай бясьпекі і правапарадку прыйшла менавіта сёньня, 2 траўня. А 10-й гадзіне спадар Мурашка і ягоная жонка Галіна Арцёменка мелі гутарку з начальнікам райаддзелу міліцыі палкоўнікам Іванам Смолікавым і кіраўніком аддзяленьня грамадзкай бясьпекі маёрам Алегам Майсенкам. Міліцыянты абвінавацілі мужа і жонку ў парушэньні артыкулу 167 часткі першай Адміністрацыйнага кодэксу, гэта значыць, парадку арганізацыі правядзеньня мітынгаў, сходаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаў. Як ведаюць слухачы, 26 красавіка ў чарговую, чатырнаццатую гадавіну атамнай катастрофы прадстаўнікі дэмакратычных суполак гораду зарганізавалі ў сквэры па вуліцы Савецкай гадзіну смутку па ахвярах Чарнобылю – радыяцыйнага, эканамічнага й палітычнага. Гэта было зроблена таму, што ўлады ўжо каторы год не дазваляюць праводзіць у цэнтры гораду ні мітынгаў, ні шэсьцяў. Нават і з нагоды такой маштабнай трагедыі, як Чарнобыльская. На гадзіну смутку Яўген Мурашка прыйшоў у чорнай накідцы з завязаным чорнай стужкай ротам і плякатам на шыі “Божа, навошта нам і Чарнобыль, і Лукашэнка?” Міліцыянты гэта расцанілі як несанкцыянаваны пікет, у прыватнасьці, палкоўнік Гаркоў з абласной міліцэйскай управы, які ў цывільным адзеньні прысутнічаў на гадзіне смутку, папярэджваў спадара Мурашку, што з-за плякату ў яго будуць непрыемнасьці. Тады прылюдна міліцыя ня стала зарыштоўваць Яўгена Мурашку, затое сёньня ў адносінах да яе ў цэнтральным райаддзеле міліцыі быў складзены пратакол аб правядзеньні несанкцыянаванага пікету. На 5 траўня спадару Мурашку выпісана позва ў суд Цэнтральнага раёну. Такую ж позву атрымала і Галіна Арцёменка – за тое, што пад час гадзіны смутку трымала плякат з выявай Божай маці і памерлага ў яе на каленях бусла – сымбалю Чарнобыльскае бяды. Казімір Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |