RFE/RL |
Аўторак, 2 Траўня 2000 |
Сёньня |
Заўтра ў Белгарацкай вобласьці Расеі адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Лукашэнкі, Пуціна і Кучмы. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны возьмуць ўдзел ў сьвяткаваньнях, прысьвечаных 55-й гадавіне перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Якія вынікі прынясе заўтрашняя сустрэча лідэраў трох краінаў? Ці стане яна сваеасаблівым анты-Белавежжам? Камэнтар Юрыя Дракахруста. Паводле свайго фармату плянаваная сустрэча выглядае, як рэанімацыя ідэі ўсходнеславянскай еднасьці. Магчыма, такой яна будзе і па сутнасьці: верагодна, што Пуцін разам з Лукашэнкам будуць угаворваць Кучму далучыцца да беларуска-расейскага саюзу. Рефэрэндум, які адбыўся на Ўкраіне ў красавіку, з аднаго боку, ўмацаваў ўладу Леаніда Кучмы, а з другога – крыху аддаліў Украіну ад Захаду, які мае сур’езныя і небеспадстаўныя сумненьні ў дэмакратычнасьці плебісцыту. Расея таксама апынулася ў стане пэўнай міжнароднай ізаляцыі ў сувязі з баявымі дзеяньнямі на Каўказе, а глыбіню міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Менску наогул цяжка з чымсьці параўнаць. Матыў стварэньня саюзу звычайна вызначае і ягоную сутнасьць. Падаецца, што ў сучасных варунках саюз трох славянскіх дзяржаваў стаў бы саюзам супраць Захаду, ўзмацніў бы аўтарытарныя і ізаляцыянісцкія тэндэнцыі ва ўсіх трох краінах. Магчыма, Пуцін і Лукашэнка паспрабуюць падштурхнуць Кучму менавіта на гэты шлях. Прыгадаем, што пад час бліц-візыту Пуціна ў Менск Лукашэнка рабіў туманыя намекі на тое, што ў блізкім часе варта чакаць нейкага інтэграцыйнага сюрпрызу. Сустрэча трох лідэраў вельмі сымбалічная – гэта першая сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Расеі ды Ўкраіны, ніводзін зь якіх не сядзеў за сталом ў Віскулях ў той дзень 8 сьнежня 1991года, калі быў канстатаваны канец СССР. Ўсе яны – пастбелавескія палітыкі, і цалкам магчыма, што сустрэча на белгарацкай зямлі будзе пададзеная, як анты-Віскулі. За тое, што тры кіраўнікі будуць абмяркоўваць менавіта палітычныя праблемы, гаворыць нават запрашэньне на сустрэчу Лукашэнкі. Пасьля сканчэньня ельцынскай эры ў Расеі, пасьля прыходу да ўлады Пуціна роля Лукашэнкі ў расейскай палітыцы, як зьнешняй, гэтак і ўнутранай, істотна зьменшылася. Паводле вынікаў сацыялягічных апытаньняў ён саступае Пуціну нават ў Беларусі. Масква ўжо можа праводзіць сваю палітыку ў Беларусі, ня вельмі беручы пад ўвагу патрэбы ды інтарэсы Лукашэнкі. І тым больш Лукашэнка не патрэбны Пуціну, каб дамаўляцца з Кучмам, палітыкам, які прымае самастойныя рашэнні. Але дзеля стварэння сымбаля адзінства трох братніх ўсходнеславянскіх народаў прысутнасьць Лукашэнкі неабходная. Але па вопыце ранейшых інтэграцыйных ініцыятываў можна меркаваць, што вынікі заўтрашняй сустрэчы будуць мець хутчэй прапагандысцкі характар. Як любіў паўтараць ў свой час Кучма, хто не смуткуе па СССР – ня мае сэрца, хто спрабуе яго аднавіць – ня мае розуму. Так што сустрэча трох лідэраў, іх дэманстрацыя адзінства можа стаць проста спэктаклем для тых, хто ў нашых краінах сэрцам і галасуе, і жыве. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |