RFE/RL |
Аўторак, 2 Траўня 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Горадні а палове другой перад будынкам гарвыканкаму адбыўся пікет калектыву незарэгістраванай газэты “Рэпарцёр”. Пяцёра чалавек стаялі, зьвязаныя за шыі вяроўкай, із заклеенымі скотчам ратамі. Усіх пікетчыкаў забрала міліцыя. “Рэпарцёр” пакуль ніколі не выходзіў. Газэта дагэтуль не зарэгістраваная. Для рэгістрацыі не хапае аднаго – згоды гарадзкіх уладаў даць дазвол на юрыдычную адрэсу рэдакцыі. Адмова мае фармальны характар – маўляў, у памяшканьні на вуліцы Будзёнага 11 і так зашмат розных фірмаў і арганізацыяў. Гарвыканкам прыняў афіцыйнае рашэньне наступнага зьместу: не ўзгадняць разьмяшчэньне газэты “Рэпарцёр” на тэрыторыі горада. Сьцісла і зразумела. Прыняць саміх членаў рэдакцыі старшыня гарвыканкаму Анатоль Пашкевіч адмовіўся. “Рэпарцёр” падтрымалі Беларуская Асацыяцыя журналістаў, беларускі ПЭН-цэнтр і некаторыя іншыя прафэсійныя арганізацыі. Аднак вынікаў гэта не дало. Тады рэдактар Анжджэй Пісальнік і ягоныя калегі вырашылі выказаць свой пратэст публічна, хоць і моўчкі. На майках яны зрабілі надпісы: “Власть меня не любит. За что?”, “Горисполком запретил мне работать” ды іншыя. Каля статуі Леніна пікетчыкі прастаялі каля 40 хвілінаў, потым пад’ехаў цывільнага выгляду мікрааўтобус, падыйшлі два міліцыянты і папрасілі пікетчыкаў сесьці ў яго. Затым іх завезьлі ў Ленінскі райаддзел міліцыі. Сяргей Астраўцоў, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |