RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 1 Траўня 2000

Сёньня



У працягу мінулага тыдня захоўваласся малапрыкметнае, але ўстойлівае напружаньне ў адносінах паміж парафіянамі берасьцейскае каталіцкае парафіі Ўзьнясеньня Крыжа і мясцовымі ўладамі. Вернікі па-ранейшым спрабуюць не дапусьціць дэпартацыі свайго ксяндза Зьбігнева Кароляка.

Фармальна рашэньне аб дэпартацыі пробашча мясцовага касьцёлу, грамадзяніна Польшчы Зьбігнева Кароляка беларускімі ўладамі ўжо прынятае – у пашпарце сьвятара зроблены запіс, паводле якога ён быў абавязаны пакінуць межы Беларусі яшчэ 14 красавіка.

Але Кароляк не выканаў гэтае патрабаваньне, спаслаўшыся на тое, што будзе падпарадкоўвацца рашэньню кіраўніка Каталіцкай Царквы ў Беларусі кардынала Казіміра Сьвёнтака, які загадаў яму заставацца ў берасьцейскай парафіі. Шматлікія звароты парафіянаў у дзяржаўныя ворганы з мэтай заклікаць іх аднавіць рэгістрацыю каталіцкага сьвятара і даць яму права весьці рэлігійную дзейнасьць, выклікалі ня толькі гучны розгалас ў Берасьці, але і нэрвовую рэакцыю мясцовых уладаў.
Некаторых вернікаў нават абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу на прыступках аблвыканкаму і ў судовым парадку вынесьлі ім папярэджаньне.

Разам з тым рашучы настрой берасьцейскіх каталікоў у справе абароны ксяндза паўплываў на паводзіны мясцовых уладаў – вернікаў запэўнілі, што Зьбігневу Кароляку дазволена весьці службы яшчэ на працягу мясяца, і на Вялікдзень паводле каталіцкага календару ён застанецца ў Берасьці.

Пасьля заканчэньня Велікодных сьвятаў парафіяне пачалі ізноў зьвяртацца да дзяржаўных структураў, якія даюць рэгістрацыю замежным сьвятарам. На мінулым тыдні сябры касьцельнае рады накіраваліся ў Менск, дзе сустракаліся з чыноўнікамі міністэрства ў справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў. Нейкіх вызначальных рашэньняў гэтая сустрэча не прынесла, але вернікі заўважаюць, што прадстаўнікі ўладаў зьмянілі тон сваіх прамоваў і зараз паводзяць сябе больш прыстойна.

Такое ўражаньне пакінула ў берасьцейскіх каталікоў наведваньне ў мінулую пятніцу прыёмнае аблвыканкаму. Яны зноў ня здолелі запісацца на прыём па асабістых пытаньнях да Васіля Даўгалёва, але чыноўнікі з вэртыкалі абыходзяцца зараз без абразьлівых выразаў на адрас парафіянаў. У надзвычай ветлівай форме вернікам прапанавалі не настойваць на працягу рэлігійнае дзейнасьці Зьбігнева Кароляка ў берасьцейскай парафіі, тады, маўляў, сьвятар праз год, а можа і меней, атрымае прызначэньне ў іншую каталіцкую парафію Беларусі. Але вернікі адмовіліся ад згаданай прапановы і заявілі, што ня здрадзяць свайму сьвятару.

Дарэчы менавіта ў аблвыканкаме вернікі даведаліся, што 28 красавіка адбылася сустрэча кардынала Казіміра Сьвёнтака і віцэ-прэм’ера Ўладзіміра Замяталіна, на якой абмяркоўвалася сытуацыя, што склалася ў берасьцейскай парафіі. Вернікам пакуль невядомыя ўсе акалічнасьці гэтай сустрэчы, але паводле папярэдняй інфармацыі ўлады настойваюць на тым, што дазвол Зьбігневу Кароляку на знаходжаньне ў Берасьці дадзены толькі на адзін месяц.

Таму мясцовыя каталікі ўважаюць, што лагодны тон прадстаўнікоў улады ў перамовах з парафіянамі сьведчыць ня толькі пра зьмену ў настроях і пэўную разгубленасьць, але і можа ўспрымацца як своеасаблівая падрыхтоўка да дэпартацыі Кароляка, напярэдадні якой чыноўнікі спадзяюцца, што вернікі пачнуць губляць пільнасьць. Парафіяне заяўляюць, што добра разумеюць верагоднасьць такога сцэнару, а таму ўважліва сочаць за разьвіцьцём падзеяў, каб не дапусьціць гвалту ў дачыньнені да свайго ксяндза.

Алег Супрунюк, Берасьце


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org