RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 1 Траўня 2000

Сёньня



Спроба прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў у Магілеве ўзяць актыўны ўдзел у сьвяткаваньні дня працы скончылася затрыманьнямі.

Нагадаю, што першапачаткова кіраўнікі Магілеўскіх арганізацыяў Свабоднага прафсаюза і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
“Народная Грамада” плянавалі правесьці альтэрнатыўны мітынг на Савецкай плошчы гораду. Яны накіравалі адпаведную заяўку ў гарвыканкам. Аднак улады за тры дні да 1 траўня адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ў горадзе праводзіцца афіцыйны мітынг на плошчы імя Леніна. Тады лідэры мясцовых арганізацыяў Свабоднага прафсаюза разам з прадстаўнікамі дэмакратычных партыяў і арганізацыяў выказалі жаданьне прыняць удзел у гэтым мітынгу.
Яны разьлічвалі, што ім дадуць там слова.

Сеньня раніцай дзьве калёны рушылі ў бок плошчы Леніна. Першая калёна магілеўскай арганізацыі “Маладога Фронту” рушыла па вуліцы Ленінскай. Другая калёна, якая складалася з прадстаўнікоў “Народнай Грамады” і Свабоднага прафсаюза стала зьбірацца праз вуліцу ад плошчы Леніна. Дэманстранты трымалі сацыяльныя лёзунгі “Варты заробак – рабочым”, “Не – росту цэнаў” ды іншыя.

Міліцыянты пачалі затрымліваць патэнцыйных удзельнікаў мітынгу, калі тыя хацелі перайсьці вуліцу. Тым часам, іншая група міліцыянтаў напала на другую калёну.

У першую чаргу затрымалі сяброў “Маладога фронту”, “ Маладой Грамады” ды ейнага мясцовага кіраўніка Аляксандра Бальшога, а таксама кіраўніка гарадзкой арганізацыі Народнага Фронту
Віталя Макаранку і старшыню абласной філіі Беларускага Гэльсынскага камітэту Валерыя Сівуху.

Вось як апісвае падзеі лідэр абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юрась Новікаў:

(Новікаў: ) “Нас затрымалі міліцыянты, акружылі ланцугом і напачатку пачалі правяраць нашыя сьцягі і нашыя лёзунгі. Калі мы пачалі разгортваць сьцягі Свабоднага прафсаюзу, то нам гэта было не дазволена. Падпалкоўнік міліцыі Мікалай Аленушкін сказаў, што гэтую “свастыку” мы не дазволім вам разгортваць на плошчы, бо нас могуць разарваць на часткі ветэраны. Нас папрасілі адыйсьці ў бок і тым часам пачалі выхопліваць з шарэнгаў нашых сябраў, якія несьлі транспаранты, сьцягі, кідаць іх у машыну і адвозіць у міліцэйскі
пастарунак. А потым, пратрымаўшы дзьве гадзіны, іх проста адпускалі і казалі: “Мы вас не затрымлівалі”. Справа даходзіла да таго, што міліцыянты казалі: “Вы самі сюды прыйшлі, вас ніхто не запрашаў.”

Сярод затрыманых былі і журналісты. Адзін зь іх, старшыня міжрэгіянальнай арганізацыі Беларускай Асацыяцыі журналістаў, карэспандэнт газеты “Дэ-факта” Ігар Ірха быў схоплены ў той момант, калі ён фатаграваў затрыманьні.

Распавядае сьведка падзеяў, кіраўнік магілеўскай гарадзкой арганізацыі “Маладая Грамада” Аляксандар Бальшой, які быў дастаўлены ў пастарунак разам з Ігарам Ірхом:

(Бальшой: ) “Для многіх гэта неяк жорстка было. Ірху выломвалі рукі, зламалі здымачную камэру. Кагосьці проста адвезьлі ў пастарунак і дапытвалі там. Міліцыя была вельмі грубай”.

Больш чым 15 магілеўцаў былі вызваленыя, а на пяцёх складзеныя пратаколы. Менавіта Ігара Ірху абвінавацілі па артыкуле “Непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні”. Паводле такога ж артыкулу складзены пратакол на маладафронтаўца Сяржука Гіркіна і аднаго з мясцовых лідэраў Фронту Віталя Макаранку.

Валерыя Сівуху і лібэрала Аванеса Мурадзяна абвінавачваюць у выкарыстаньні сьцягоў нявызначанага ўзору. Як заявілі супрацоўнікі міліцыі, наканечнік тронкі сьцяга можа быць выкарыстаны ў якасьці халоднай зброі, пасьля чаго прадэманстравалі, як гэта робіцца.

Суд па справах пяцёх магілеўцаў адбудзецца ў сераду, 3 траўня.

Аляксандар Сердзюкоў, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org