RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 1 Траўня 2000

Сёньня



Упершыню за многія гады сёлетняе сьвята Першамаю ў Менску праходзіла без дэманстрацыяў і мітынгаў на галоўных пляцах. Замест іх сёньня ў некаторых сталічных парках адпачынку Фэдэрацыя прафэсійных саюзаў зарганізавала сьвяточныя маёўкі.

Галоўная акцыя, прысьвечаная сьвяту 1 траўня, праходзіла сёньня ў менскім парку імя Горкага. Ад самае раніцы тут граў вайсковы духавы аркестар. Нешматлікія групы прафсаюзнае дружыны з блакітнымі павязкамі на рукавох дапамагалі міліцыі падтрымваць парадак.

З нагоды Першамаю Фэдэрацыя прафэсійных саюзаў аплаціла працу паркавых атракцыёнаў і дзеці на працягу дня маглі карыстацца імі бясплатна. Аднак ураніцу вялікага ажыятажу каля арэляў і каруселяў не назіралася. Відаць, паўплывала халоднае надвор’е, што ўсталявалася сёньня ў Менску.

Аб 11-й гадзіне раніцы на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу ў парк сабралася каля ста чалавек, пераважна вышэйшых функцыянэраў Фэдэрацыі прафэсійных саюзаў, разам са сваім старшынём Уладзімерам Ганчарыкам. Зьявілася й група прадстаўнікоў КПБ ды іншых пракамуністычных арганізацыяў пад чырвонымі сьцягамі (колькасьцю каля 40 чалавек), што пераважна складалася з палітычна актыўных пэнсіянэраў.

Гэтыя камуністы зарганізавалі сёньня несанкцыянаванае шэсьце па ходніку праспэкта Скарыны ад пляцу Незалежнасьці да парку Горкага. Нягледзячы на тое, што аніякага дазволу на дэманстрацыю камуністы ня мелі, міліцыя не перашкаджала руху іхнае калёны праз цэнтар. Праўда, у парку іх чакала расчараваньне – пабачыўшы, што аніякага мітынгу там ня будзе, камуністы даволі хутка згарнулі сьцягі й разышліся.

Чаму ж сёлетні Першамай у беларускай сталіцы праходзіў у такім нетрадыцыйным фармаце? Вось што паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафэсійных саюзаў беларускай Мікалай Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) “Прычын некалькі. Вы ведаеце, што сёлета так супала, што 1 траўня – гэта трэйці выходны дзень, што гэта другі дзень праваслаўнага Вялікадня, і мы палічылі, што неразумна будзе, калі мы будзем шмат людзей выводзіць на вуліцы на дэманстрацыі і мітынгі, бо вельмі шмат людзей разьехалася. І другое. Мы сёлета бачым становішча, якое склалося ў з аплатай працы, і яно такое, што сьвяткаваць мала што ёсьць. Таму мы вырашылі правесьці гэтую маёўку як іншую форму каб адзначыцца самім. Тое, што мы праводзім 1 траўня вось так, маёўкай – гэта сваеасаблівая акцыя пратэсту”,

– паведаміў спадар Беланоўскі.

Афіцыйнае адкрыцьцё маёўкі было непрацяглым. Мікалай Беланоўскі павіншаваў прысутных са сьвятам і заклікаў разам з прафэсійнымі саюзамі адстойваць свае працоўныя правы. Потым пачаліся выступы фальклёрных калектываў. Прафсаюзныя актывісты яшчэ некаторы час раздавалі людзям улёткі, у якіх патрабавалася ліквідаваць да 1 ліпеня запазычанасьць у заробках (асабліва – у аграрным сэктары), падвысіць заробкі бюджэтнікам, кампэнсаваць інфляцыйныя страты ў заробках, перагледзець дзяржаўную палітыку занятасьці й г.д., пасьля чаго разышліся.

Прадстаўнікі ж апазыцыйнае сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” ўвогуле ня ўдзельнічалі ў сёньняшніх сьвяткаваньнях. На іхную думку, маёўка – ня лепшая форма барацьбы за правы працоўных.

Падобныя маёўкі прайшлі таксама ў парку ля стадыёну “Трактар”, а таксама ў некаторых мікрараёнах Менску.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org