RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 1 Траўня 2000

Сёньня:



(эфір 29 Красавіка)
Эканамічны агляд мінулага тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На мінулым тыдні прафэсійныя саюзы зноў спрабавалі зьвярнуць увагу ўраду на праблему заробкаў. Зьвязана гэта з тым, што цэны на спажывецкім рынку за першыя тры месяцы году вырасьлі болей як на 30 адсоткаў і працягваюць расьці і ў красавіку.

Прафэсійныя саюзы настойваюць, каб мінімальны заробак быў падвышаная амаль удвая, на 4000 рублёў, а прадстаўнікі ўраду заяўляюць пра немагчымасьць такога кроку.

Што з гэтага атрымалася, стала вядома літаральна днямі, калі міністар фінансаў Мікалай Корбут заявіў у прэзыдэнцкім “парлямэнце”, што на сёньняшні дзень існуюць некаторыя складанасьці з напаўненьнем дзяржаўнае казны. На канец красавіка даходная частка рэспубліканскага бюджэту выканана толькі на 16 адсоткаў, а мінула амаль чвэрць году.

Міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў паведаміў, што зь 1 траўня мінімальная тарыфная стаўка першага разраду павялічыцца зь 2.200 да 2.600 рублёў, або ўсяго на 18 адсоткаў.

Па сутнасьці, праводзіцца не падвышэньне заробкаў, а толькі іх частковая індэксацыя. Эканамічныя ведамствы выконваюць даручэньне Лукашэнкі, якое ён даў прэм’ер-міністру Ярмошыну пад час апошняе сустрэчы на мінулым тыдні – падвысіць заробкі зь 1 траўня ў межах магчымага.

Між тым, гэтыя межы не даюць людзям аніякага спадзяваньня на лепшае. Напрыклад, на сёньня налічаны заробак значна ніжэй за мінімальны спажывецкі бюджэт (які складае 35.000 рублёў) у працаўнікоў сельскае гаспадаркі, сацыяльнага забесьпячэньня, культуры, мастацтва, аховы здароўя, адукацыі, гандлю й грамадзкага харчаваньня.

Як сёньня могуць нармальна працаваць калгасьнікі ды рабочыя саўгасаў, калі іх сярэднямесячныя заробкі (каля 22.000 рублёў) складаюць толькі 60 адсоткаў ад мінімальнага спажывецкага бюджэту? Між тым, пра рэформу заработнай платы ўжо не адзін год ідуць толькі размовы.

Сытуацыя абвастраецца тым, што нават мізэрныя заробкі людзі не могуць атрымаць своечасова. Запазычанасьць не пераадольваецца. На пачатак красавіка яна складала велізарную суму – звыш 10 млрд. рублёў. Асабліва вялікая яна ў сельскай мясцовасьці – 8,3 млрд. рублёў. І гэта пад час веснавой сяўбы. Цалкам або часткова заробкі не атрымалі 385.000 чалавек за студзень, люты й сакавік.

Тым часам падвышаюцца ня толькі цэны ў крамах, але й тарыфы на транспартныя паслугі. А міністар жыльлёва-камунальнае гаспадаркі Аляксандар Мількота хадайнічае перад Саветам міністраў, каб да пачатку новага ацяпляльнага сэзону тарыфы на ацяпленьне былі падвышаныя ў 7 разоў, а кватэрная плата – у 4-5 разоў. Ад такіх паведамленьняў людзі проста ў роспачы.

Уладзімер Кулажанка, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org