RFE/RL |
Панядзелак, 1 Траўня 2000 |
Сёньня |
Беларуская тэлевізія паведаміла, што знойдзеныя новыя патэнцыйныя інвэстары для стварэньня другога нацыянальнага тэлеканалу, зь якімі правёў перамовы асабіста Лукашэнка. Гэтымі інвэстарамі могуць стаць расейскія кампаніі “Итера” й “Славнефть”, а таксама расейская рэгіянальная тэлесетка “Прометей АСТ”. Шукаючы інвэстараў, беларускія ўлады вымушаныя зьмірыцца з тым, што БТ-2 ня будзе дзяржаўным каналам (ці, прынамсі, не цалкам дзяржаўным). Тым ня менш, Лукашэнка заявіў, што мае намер трымаць пад сваім кантролем ідэялягічны зьмест новага каналу й рабіць на ім ключавыя кадравыя прызначэньні. Гэтае жаданьне Аляксандра Лукашэнкі можа не спадабацца патэнцыйным інвэстарам. Таму існуе вялікая верагоднасьць, што перамовы, якія распачаліся, могуць зацягнуцца, і з часам можа атрымацца так, што, як цяпер Лукашэнка ня можа цалкам кантраляваць сытуацыю вакол нафтаперапрацоўчага заводу ў Мазыры, што ўваходзіць у кампанію “Славнефть”, гэтак перастане быць яму падуладным і новы тэлевізійны канал. Відавочна, што найбольш рэальныя інвэстары – расейскія, якія зацікаўленыя ўключыць Беларусь у сваю інфармацыйна-камунікацыйную прастору. Як мяркуе незалежны экспэрт у справе тэлевізіі, былы кіраўнік студыі “Палітыка” на БТ, а цяпер карэспандэнт агэнцыі “Associated Press Television News” Леанід Міндлін, для пачатку працы новага тэлеканала патрэбна каля 10 млн. даляраў і паўгады тэрміну на падрыхтоўку. Аднак Міндлін ня лічыць, што перамовы зь інвэстарамі будуць хуткімі, бо вядзецца гандаль за больш выгодныя ўмовы. Тое, што адным з партнэраў БТ-2 прапануецца стаць расейскай рэгіянальнай тэлесетцы “Прометей АСТ”, на думку Міндліна, сьведчыць пра верагоднасьць паглынаньня беларускай інфармацыйнае прасторы расейскімі кампаніямі. Але ў цэлым неабходнасьць стварэньня другога нацыянальнага каналу насьпела даўно, і які будзе вынік гэтае працы, цяпер прадказаць яшчэ цяжка. Гаворыць Леанід Міндлін: (Міндлін: ) “Усе краіны-нашыя суседзі – Балтыя, Украіна, маюць некалькі нацыянальных каналаў. Толькі мы – адзіная краіна ў Эўропе, якая мае адзін тэлевізійны канал. Гэта пытаньне яшчэ і грошай, бо разьвітыя тэлекамунікацыі – гэта прыкмета эканамічнага разьвіцьця, дарэчы. Тэлекамунікацыйны патэнцыял Беларусі – гэта 500-600 мільёнаў даляраў у год. Гэта разьвіцьцё тэлебачаньня, гэта разьвіцьцё тэлекамунікацыяў, гэта разьвіцьцё тэлевытворчасьці. Наколькі я ведаю, у тых, хто гэты праект прапаноўвае, існуе ня толькі ідэалягічны падыход. Сёньня ў нас павінен быць другі канал. У нас увогуле ўнікальная сытуацыя, бо ў нас – чатыры расейскіх і адзін толькі – нацыянальны. Другі канал – гэта чорная скрыня: мы ведаем, што на ўваходзе, і ня ведаем, што на выхадзе адбудзецца”, – гэта быў вядомы тэлежурналіст Леанід Міндлін. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |