RFE/RL |
Панядзелак, 1 Траўня 2000 |
Сёньня |
Вядомы беларускі пісьменьнік, вэтэран Другое ўсясьветнай вайны Артур Вольскі лічыць, што будучым сьвяткаваньнем Дня Перамогі беларускія ўлады зьбіраюцца запалохаць народ прыдуманай пагрозаю з Захаду й прыстрашыць дэманстрацыяй сілы апазыцыю. “Гэта непатрэбшчына й пампэзнасьць, што перадаліся нам у спадчыну ад бальшавіцкіх часоў”, – сказаў пісьменьнік пра будучы парад, рэпэтыцыі якога праходзяць па начах у Менску. Прэсавая служба Міністэрства абароны разам зь менскай гарадзкой міліцыяй папяраджаюць, што 5 траўня ў Менску зноў будзе праводзіцца рэпэтыцыя параду Перамогі, і таму часова на некалькі гадзінаў у цэнтры горада будзе перапынены рух транспарту й доступ людзей у раён ад пляцу Незалежнасьці да пляцу Перамогі. Вайскоўцы й міліцыянты прыносяць прабачэньні, але не паведамляюць, ці будуць іхныя дзеяньні гэтым разам адрозьнівацца ад дзеяньняў увечары 28 красавіка. Між тым, у той дзень на працягу амаль пяці гадзінаў – зь дзесяці вечара да трох начы 29 красавіка – цэнтар Менску фактычна апынуўся ў аблозе. Уздоўж вуліцаў Карла Маркса, Ленінградзкай, Бабруйскай, Нямігі, Янкі Купалы ланцугамі былі выстаўленыя міліцыянты, якія закрылі гэты чатырохкутнік для праезду машынаў і праходу мінакоў. Сьведкі распавядаюць, што адмысловыя міліцэйскія пасты дзяжурылі таксама ў дварох і завулках, каб ніхто і адтуль ня мог прабрацца на праспэкт Скарыны. На праспэкце ж на працягу пяці гадзінаў балем кіравалі вайсковыя камандзіры й цывільныя пастаноўшчыкі будучай імпрэзы пад назваю парад Перамогі. У горад на рэпэтыцыю былі накіраваныя дзясяткі бэтээраў, баявыя машыны пяхоты, ракеты самых розных кшталтаў – усяго, паводле прэсавае службы Міністэрства абароны, больш за трыста адзінак тэхнікі. Між тым, сьведкі сьцьвярджаюць, што машынаў было значна больш, паколькі трэба ўлічыць транспарт, які прывез вайскоўцаў. А гэта некалькі тысячаў чалавек – салдатаў, афіцэраў, курсантаў і нават навучэнцаў Сувораўскае вучэльні, якія, дарэчы, апошнімі ў тры гадзіны начы сыйшлі зь месца падзеяў у свае казармы на вуліцы Багдановіча. Некалькі соцен салдатаў былі пераапрануты ў цывільнае і трымалі ў руках муляжы рознае зброі – гэтыя будуць увасабляць на будучым парадзе беларускіх партызанаў. Рэжысэры, якія кіравалі рэпэтыцыяй па рацыях, ды міліцыянты з ачапленьня так і называлі іх – “партызаны”. Дарэчы, побач з гэтымі “партызанамі” сьведкі бачылі віцэ-прэм’ера Ўладзімера Замяталіна, таксама ў цывільным строі, але сучасным і адпрасаваным. Паводле зьвестак, менавіта Замяталін як заступнік прэм’ера ў ідэялягічных пытаньнях курыруе падрыхтоўку й правядзеньне будучага параду Перамогі. Відавочна, што ня ўсе вэтэраны падтрымліваюць віцэ-прэм’ера ў ягоных ідэялягічных намаганьнях. Вядомы пісьменьнік Артур Вольскі, да якога як да вэтэрана вайны я зьвярнуўся па камэнтар да гэтае рэпэтыцыі і будучага параду, сказаў наступнае… (Вольскі: ) “Усё гэта – непатрэбшчына, пампезнасьць, якія перадаліся ў спадчыну ад тых бальшавіцкіх часоў, калі за гэтай пампезнасьцю хавался нешта зусім вядомае”. Далёкімі да ўхваленьня перашкодаў, якія прынесьлі начныя рэпэтыцыі параду, аказаліся многія гараджане. Мяркуючы нават па беларускаму дзяржаўнаму радыё, людзі тэлефанілі і абураліся дзеяньнямі ўладаў, што ігнаруюць інтарэсы простых людзей. Сьведкі казалі, да прыкладу, што не маглі некалькі гадзінаў дачакацца транспарту, ці, прыйшоўшы з крамы, не маглі патрапіць у родны двор, бо міліцыянты з ачапленьня патрабавалі паказаць пашпарт з прапіскаю. Што стаіць за гэткай бязглуздіцаю – няўжо толькі няздольнасьць уладаў патлумачыць кожнаму міліцыянту, што грамадзяне не забавязаныя насіць з сабою пашпарт? Пісьменьнік Артур Вольскі бачыць праблему значна шырэйшай… (Вольскі: ) “Ня так даўно я ўдзельнічаў у дэмакратычных шэсьцях, у шэсьцях апазыцыі, і тады, калі мы падвяргаліся нападам, і тады, калі спакойна праходзіла. Шумелі тады афіцыйнае радыё, тэлебачаньне – вось перакрылі на 40 хвілін рух… А зараз перакрываецца не на 40 хвілін – на паўдня перакрываецца рух. Колькі можна жыць успамінамі пра нешта былое? Так, трэба аддаваць належнае. Але ўсё жыцьцё, з пакаленьня ў пакаленьне разьдзьмуваньне вобраза зьнешняга ворагу, якога па-сутнасьці няма…” Гэтак лічыць вэтэран Другое ўсясьветнае вайны, вядомы пісьменьнік Артур Вольскі. Ён дарэчы, ужо два гады, паводле ягоных словаў, не дастае з шафы свой строй з узнагародамі, а сьвята Перамогі адзначае толькі сярод сваякоў і сяброў. Вэтэран лічыць, што йнакш у душы не захаваць сьвятасьць Дня Перамогі. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |