RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 31 Сакавіка 2000

Сёньня



Прадстаўнікі беларускай апазыцыі зьбіраюцца адзначыць так званы дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі 2 красавіка ўскладаньнем кветак да помніку Янку Купалу ў Менску й адмысловай малітвай у памяць пра загінуўшых за незалежнасьць краіны. Гэтыя ўрачыстасьці пачнуцца ў нядзелю а 12-й гадзіне ў менскім парку Янкі Купалы.

Арганізатарам гэтага мерапрыемства выступілі прадстаўнікі Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў.

Яшчэ пад час мітынгу 25 сакавіка лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч заклікаў людзей прыйсьці 2 красавіка да помніка беларускаму песьняру, ускласьці кветкі й узгадаць усіх тых, хто загінуў за Беларусь. Паводле словаў сп.Статкевіча, “ў гэты нялёгкі для нашай дзяржаўнасьці час трэба паказаць, што мы памятаем тых, хто змагаўся за незалежнасьць Бацькаўшчыны, калі трэба – гатовыя паўтарыць іх шлях, і ніхто ня здолее нас запалохаць”.

Гэты заклік Статкевіча падтрымалі прадстаўнікі асноўных апазыцыйных партыяў Беларусі й сьвятары некаторых канфэсіяў. На думку арганізатараў, акцыя, што мае адбыцца 2 красавіка, ня ёсьць мітынгам, дэманстрацыяй ці пікетам, і на яе правядзеньне не патрэбны спэцыяльны дазвол гарадзкіх уладаў. Гаворыць прэсавы сакратар Сацыял-Дэмакратычнай партыі ”Народная Грамада” Лявон Дзейка:

(Дзейка: ) “Гэтая акцыя ня будзе звышмасавай. Яна ніякім чынам не перашкодзіць людзям свабодна праводзіць вольны час. Парк ьЯнкі Купалы вельмі вялікі, пляцоўка каля яго – таксама, і там ніхто нікому ніколі не перашкаджаў нават тады, калі там ладзіліся рок-канцэрты, буйныя мітынгі. Гэта ніяк ня можа перашкодзіць ані руху транспарту, ані руху звычайных пешаходаў”.

Аднак прэсавы сакратар “Народнай Грамады” лічыць, што ад нашых уладаў можна чакаць усяго, нават самых нечаканых і бессэнсоўных дзеяньняў ў адносінах да апазыцыянэраў, як гэта было 25 сакавіка.

Тым ня менш, арганізатары акцыі спадзяюцца, што ва ўладаў хопіць развагі 2 красавіка не паўтараць памылак Дня Волі.

У Менгарвыканкаме нашаму Радыё паведамілі, што пакуль ніякага рашэньня наконт нядзельнай акцыі не прымалася – маўляў, арганізатары ніякіх заявак з гэтай нагоды не падавалі, і на ўскладаньне кветак ніякі дазвол не патрабуецца.

А прэсавы сакратар сталічнай управы міліцыі Натальля Лапо сказала, што міліцыя прысутнічае на ўсіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў Менску, але, на яе думку, сытуацыі, калі адны беларусы зьбіваюць і затрымліваюць іншых беларусаў, паўтарыцца не павінна.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org