RFE/RL |
Пятніца, 31 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Саюз Беларускіх гэбрайскіх арганізацыяў падаў апэляцыю на рашэньне Савецкага раённага суду Менску, які адмовіў у разглядзе іхнага зыску ў абароне гонару й годнасьці да выдаўцоў кнігі “Вайна па законах нізасьці”, у гарадзкі суд. Прадстаўнікі гэбрайскіх арганіазацыяў заяўляюць пра свой намер дамагчыся справядівасьці. Найбольш хвалюе прэзыдэнта Саюзу беларускіх гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў Леаніда Левіна той факт, што аніякія дзяржаўныя ворганы – ані пракуратура, ані Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, ані Дзяржаўны камітэт друку, – а таксама Беларускі экзархат Маскоўскае патрыярхіі Праваслаўнае царквы аніяк не адрэагавалі на зьяўленьне антысэміцкай энцыкляпэдыі – кнігі “Вайна па законах нізасьці”. Нават на зварот у Генэральную пракуратуру пра факт распальваньня міжнацыянальнае варожасьці дасюль няма афіцыйнага адказу… Леанід Левін паведаміў, што прадстаўнікі гэбрайскіх арганізацыяў мелі шмат сустрэчаў з нагоды выхаду гэтае кнігі і ў адміністрацыі “прэзыдэнта”, і ў МЗС, і ў Камітэце ў справах рэлігіяў, сустракаліся нават з мітрапалітам Філарэтам, але справа далей выказваньня словаў паразуменьня ў прыватнай гутарцы не пайшла. Гаворыць Леанід Левін: “Кніга друкавалася ў дзяржаўнай друкарні, і прайшло ўжо столькі часу, але мы не пачулі аніводнай афіцыйнай заявы ані па радыё, ані па тэлевізіі, ані ў друку. Нас хвалюе маўчаньне тых людзей, якія мусяць адрэагаваць афіцыйна”, – гаварыў Леанід Левін. Гэбрайскія арганізацыі падалі апэляцыю ў гарадзкі суд на нядаўняе рашэньне суду Савецкага раёну, які палічыў цемрашальскую кнігу з антысэміцкімі фальшыўкамі “зьвесткамі навуковага характару”. Нэгатыўная рэакцыя на зьяўленьне гэтае кнігі паступіла ўжо з Еўрапейскага гэбрайскага кангрэсу, з ЗША, Ізраіля. Беларускія гэбраі зьбіраюць подпісы пад лістамі пратэсту. Бо калі не дамагчыся асуджэньня выдаўцоў кнігі “Вайна па законах нізасьці”, як лічыць Леанід Левін, заўтра могуць выйсьці ксэнафобскія выданьні пра татараў, палякаў і беларусаў… Гаворыць намесьнік прэзыдэнта Саюзу гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў Якаў Басін: “Відаць, ёсьць дастаткова моцныя колы, якія зацікаўленыя ў тым, каб разыграць гэбрайскую карту і, можа быць, знайсьці нейкага нутранога ворага, каб адхіліць увагу ад тых сацыяльных праблемаў, якія існуюць. Адкінуты ўсякі сорам, цынічна й нахабна гавораць аб гэбраях, якія быццам бы перамаглі Расею і далі клятву да канца стагодзьдзя захапіць сьвет… Калі дзяржава ня можа й ня хоча абараніць гэбрайскую мяншыню – значыць, гэта камусьці выгодна. Антысэмітызм заўсёды быў сродкам, а ня мэтаю… Калі дзяржава не пакарае выдаўцоў гэтае кнігі за хлусьню, значыць, яна будзе адказная за тое, што прынясе гэтая кніга!”, – гаварыў Якаў Басін. Спадар Басін сумняецца, што гэбрайскім арганізацыям урэшце ўдасца дамагчыся перамогі над выдаўцамі антысэміцкай энцыкляпэдыі ў судовым працэсе. І гэта будзе азначаць пазбаўленьне ад ілюзіяў, што дзяржава можа абараніць ад хлусьні й зьнявагі. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |