RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 31 Сакавіка 2000

Сёньня



28 сакавіка пад час афіцыйнага візыту ў Польшчу сакратар камісіі правоў чалавека, міжнародных адносінаў, бясьпецы і абароны Эўрапейскага Парлямэнту, прадстаўнік Італіі Ясь Гаўроньскі паведаміў, што калі Польшча хоча далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу ў 2003 годзе, яна павінна ўмацаваць сваю ўсходнюю мяжу з Беларусьсю. Якіх новых сродкаў кантролю на мяжы з Беларусьсю чакае ад Польшчы Эўрапейські Зьвяз? Інтэрвію Гаўроньскага.

Ясь Гаўроньскі – нашчадак польскіх эмігрантаў у Італіі, і з Польшчаю яго зьвязваюць ня толькі практычныя, але і духовыя сувязі. І таму ягоны візыт у Польшчу меў асаблівае значэньне. Ад яго тут хацелі перадусім пачуць адказ на пытаньне: ці рэальнае далучэньне Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу ў 2003 годзе?

Выступаючы з прамовай у польскім Сэйме, Ясь Гаўронскі выказаў аптымізм у справе будучага сяброўства Польшчы ў ЭЗ, але акрэсьліў некаторыя важныя варункі далучэньня.

У прыватнасьці, ён прыгадаў неабходнасьць уніфікацыі польскага заканадаўства з законадаўствам Эўрапейскага Саюзу, рэарганізацыю польскай сыстэмы сацыяльнай бясьпекі насельніцтва і структурную мадэрнізацыю польскай сельскай гаспадаркі.

Сярод неабходных крокаў Польшчы на шляху да Эўрапейскага Зьвязу Ясь Гаўроньскі назваў і адзін, які выразна датычыць Беларусі. Гэта - ўмацаваньне кантролю на беларуска-польскай мяжы і ўвядзеньне візавага рэжыму для грамадзянаў большасьці краінаў былога Савецкага Саюзу.

Каб высьветліць падрабязнасьці гэтай інфармацыі, я пазваніў у Страсбург у Эўрапейскі Парлямэнт і папрасіў сакратара ягонай камісіі правоў чалавека, бясьпекі, міжнародных справаў і абароны Яся Гаўроньскага даць кароткае інтэрвію Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

На маю просьбу растлумачыць сутнасьць ягонага выказваньня на тэму неабходнасьці ўмацаваньня Польчаю яе мяжы з Беларусьсю ён адказаў:

(Гаўроньскі: ) “Вы ведаеце, што ў рамках Эўрапейскага Зьвязу дзейнічае дагавор аб свабодным руху людзей, капіталаў і рабочай сілы. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем і трэба мадэрнізаваць памежны кантроль.

Эўрапейські Зьвяз – гэта як адзіная краіна. І калі Польшча далучыцца, яе усходняя мяжа будзе усходняй мяжой супольнасьці. Некаторыя краіны, напрыклад, Аўстрыя, лічаць, што Польшча ня ў стане арганізаваць добры кантроль на мяжы, і таму рыхтуецца ўзмацніць сродкі кантролю на сваіх уласных межах. Яна хоча захаваць кантроль на сваіх межах. Але гэтую праблему ня трэба драматызаваць. Гэта – практычнае, а не палітычнае пытаньне”.

А ці не здаецца вам, што ўшчыльненьне мяжы паміж Польшчаю і Беларусьсю, паміж Польшчаю і Ўкраінай можа спрычыніцца да новых падзелаў у Эўропе, да паўстаньня новай “жалезнай заслоны”. Сакратар камісіі міжнародных справаў Эўрапарлямэнту Ясь Гаўроньскі адказвае:

(Гаўроньскі: ) “Зразумела, што працэс пашырэньня ЭЗ павінен мець свае абмежаваньні. На маю думку, напрыклад, Украіна можа стаць эўрапейскай краінай, але я б не хацеў пашырэньня ЭЗ яшчэ далей на ўсход. Гэта не пытаньне: ці будзе Расея дэмакратычная, ці не. Мы ня можам пашыраць Эўропу аж да Ўладзівастоку.

Я ня думаю, што гэта будзе новая жалезная заслона. Гэта будзе нармальная мяжа паміж нармальнымі краінамі. Для тых, хто мае права яе перасякаць, ня будзе ніякіх абмежаваньняў, але яна будзе моцнай перашкодай для тых, хто займаецца крымінальнай дзейнасьцю. Гэта будзе не жалезная заслона, а нармальная, эфэктыўная мяжа”.

Польска-беларуская мяжа – гэта мяжа спецыфічная. З гістарычнага пункту гледжаньня яна зусім маладая. Доўгія гады яна была ўнутранай мяжой адзінай дзяржавы. Па абодвы бакі яе жывуць сотні тысячаў блізкіх сваякоў. У Польшчы – вялікая беларуская меншасьць, а ў Беларусі – польская. Шмат у чым мяжа гэтая мае штучны характар, і ўшчыльняць яе – гэта паглыбляць падзелы па жывым целе адзінай супольнасьці. Ці гэтую акалічнасьць усьведамляюць сабе ў Эўрапейскім Парлямэнце? Ясь Гаўроньскі, сябра Эўрапарлямэнту, адказвае:

(Гаўроньскі: ) “Вы маеце рацыю. Але мы плянуем прадугледзець падобныя сытуацыі. Сваякі і іншыя блізкія людзі павінны атрымаць ільготныя варункі пераходу мяжы. Яны будуць мець поўную свабоду на мяжы. Але гэта спэцыфічныя праблемы. Мы ж хочам, каб польска-беларуская мяжа была рэальнай мяжой, якая была б перашкодай на шляху непажаданых элемэнтаў, але была б вельмі элястычная”.

І на заканчэньне нашай размовы сакратар камісіі Эўрапарлямэнту ў справах міжнародных зносінаў, бясьпекі, правоў чалавека і абароны Ясь Гаўроньскі падкрэсьліў, што кожная шчыльная мяжа – гэта вымушаны сродак у дэмакратычным грамадзтве. І што раней ці пазьней у шматнацыянальнай Эўропе зьнікнуць усе межы.

Мікола Іваноў, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org