RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 31 Сакавіка 2000

Сёньня



Урад Злучаных Штатаў цяпер вырашае, ці скасоўваць рэжым найбольшага спрыяньня для Беларусі. У беларускім МЗС лічаць, што такія санкцыі не адаб’юцца сур’ёзна на беларускай эканоміцы. Іншага меркаваньня прытрымліваецца былы кіраўнік Нацыянальнага Банку краіны Станіслаў Багданкевіч.

(Багданкевіч: ) “Па-першае, Злучаныя Штаты – гэта самы вялікі ў сьвеце рынак тавараў, рынак капіталаў. Гэта рынак, які складае трыльёны даляраў. Для параўнаньня: расейскі рынак складае толькі 150 мільярдаў. Амэрыканскі – у 20 разоў большы.

Патэнцыйна скасаваньне рэжыму прэфэрэнцыяў вельмі дрэннае для нашай эканомікі. Акрамя таго, вядома, што найбольш новыя тэхналёгіі, самая сучасная тэхніка, найбольш высокая вытворчасьць – у Злучаных Штатах.

Таму ўзмацненьне ізаляцыі ад тэхналягічнага цэнтру таксама вельмі дрэнна для нашай краіны. І нават сёньня, калі ў нас ня вельмі вялікі гандлёвы абарот са Злучанымі Штатамі, страта гэтага рынку адмоўна адаб’ецца і на эканоміцы, і на дабрабыце людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, афіцыйныя прадстаўнікі лічаць, што Беларусь нічога ня страціць, паколькі гандаль са Злучанымі Штатамі невялікі…”

(Багданкевіч: ) “Я пагадзіўся б з гэтым, але ж Лукашэнка езьдзіў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты нават з-за 2 мільёнаў даляраў, і спрабаваў наладзіць кантакты. А за сотні мільёнаў даляраў гандлёвага абароту з ЗША было б дарэчы змагацца, каб захаваць гэты патэнцыйна вялікі рынак. Напрамак эканамічных адносінаў не такі, які нам патрэбны. Няма ў Эміратаў ані патрэбных нам тэхналёгіяў, ані іншых інтарэсаў Беларусі. Трэба арыентавацца на цывілізаваны сьвет, на Эўропу і Злучаныя Штаты. Пры гэтым не забываць і пра іншыя вектары нашай эканамічнай палітыкі”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы лічыце, ці магчымыя аналягічныя санкцыі з боку Эўрапейскага Зьвязу?”

(Багданкевіч: ) “Думаю, безумоўна, так. Таму што Эўропа, можа ў некалькі меншай ступені чым ЗША, але надае важнае значэньне захаваньню правоў і свабодаў чалавека, грамадзяніна”.

(Карэспандэнт: ) “На Ваш погляд, ці дапаможа ў такой сытуацыі беларускім уладам Расея?”

(Багданкевіч: ) “Што тычыцца захаваньня рынкаў у Расеі, без найноўшых заходніх тэналёгіяў мы ня здолеем захаваць рынак у Расеі. Тым больш, што сама Расея прывязвае сваю эканоміку да заходніх стандартаў”.

Гутарыла

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org