RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 31 Сакавіка 2000

Сёньня



Месца сталага прадстаўніка Беларусі ў статутных ворганах СНД пасьля зыходу Сяргея Посахава заставалася вакантным нядоўгі час. Сёньня Лукашэнка прызначыў на гэтую пасаду Дзьмітрыя Булахава.

Як хутка бяжыць час! Ці даўно гаваркі старшыня парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве Булахаў вучыў свайго крыху нехлямяжага сябру Лукашэнку палітычным манэрам, а пасля, у 1994 годзе, быў ці не галаўным маторам прэзідэнцкай кампаніі дырэктара саўгасу з Магілеўшчыны?

Потым ў камандзе пераможцаў пачаліся нейкія незразумелыя звады: ці то Булахаў аказаў пратэкцыю ня той фірме, ці то надта часта публічна заяўляў, што менавіта ён зрабіў з Лукашэнкі прэзыдэнта. Наш герой працягваў аказваць прэзыдэнту карысныя паслугі – напрыклад, арганізоўваў у парлямэнце прыняцьцё закону аб ўсталяваньні “вертыкалі”.

Але кар’ера Булахава пайшла на скон, і ў хуткім часе ён канчаткова “выпаў з уладнай цялежкі”. Пачаўся пэрыяд ягонай пэўнай апазыцыйнасьці: ўвесну 1995 года, яшчэ ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, ён выступіў супраць лукашэнкавага рэфэрендуму. І пазьней, ажно да другога канстытуцыйнага рэфэрэндуму, у незалежных газэтах зьяўляліся артыкулы Булахава з крытыкай ягонага былога сябра. Але і гэтая актыўнасьць неяк паступова сьцішвалася.

Потым Булахаў наогул зьнік з палітыкі. Адвакацкай практыкай займацца яму забаранілі, але рабіць бізнэс дазволілі.

Сэнс рэдкіх артыкулаў Булахава, якія часам тады зьяўляліся ў прэсе, зводзіўся да таго, што Лукашэнка, зразумела, не падарунак, але палітык вялікай моцы, які таго і глядзі сядзе ў Крамлі. Свае пэрспэктывы наш герой таксама ацэньваў стрымана, напісаўшы неяк, што пад Менскам ў труне ляжыць палітык Булахаў. Але, як кажуць, ніколі не кажы “ніколі”. Булахаў вяртаецца ў палітыку.

Падаецца, што пасада, якую ён заняў – толькі старт новага вітку ягонае кар’еры. Вяртаньне Булахава – ёсьць часткай кампаніі кадравых зьменаў, якая пачалася з адстаўкі лукашэнкавага “заўхоза” Івана Ціцянкова. У гэтым працэсе ёсьць шмат апаратных, інтрыжных матываў, але, здаецца, есьць і сэнсавыя прычыны: ўлада шукае адказу на два новыя выклікі – выбары ў Беларусі, якія набліжаюцца, і зьмена ўлады ў Расеі. Ну а лава запасных ў Беларусі невялікая, да таго ж Булахаў зараз ўжо ведае, ад якіх крокаў і словаў трэба ўстрымлівацца, каб ўтрымацца пры ўладзе.

Тым больш, у пэўнай ступені ён падыходзіць для вырашэньня абедзвюх задачаў, якія паставіў перад беларускай ўладай час. Ён мае дастаткова шырокае кола знаёмстваў ў Расеі і, да таго ж, здольны прадукаваць ідэі па праблеме двухбаковых адносінаў, ў якіх ўлада мае зараз пэўную патрэбу. І пасаду ён атрымаў адпаведную – дзе СНД, там і Расея.

Што ж тычыцца выбараў, дык, сапраўды, да перамогі Лукашэнкі ў 1994 годзе Булахаў дачыненьне меў. Зараз ад яго патрабуецца менш мянціць языком на гэты конт і больш спрабаваць паўтарыць тагачасны посьпех.

На маё пытаньне, чаму ён пагадзіўся на прызначэньне паўнамоцным прадстаўніком у СНД, Дзьмітры Булахаў адказаў:

(Булахаў: ) “З асобаю прэзыдэнта гэта ніякім чынам не зьвязана. Ёсьць пэўны аб’ём працы, есьць участак працы, якую трэба рабіць. Вось і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Вас на гэтую пасаду прызначаў Лукашэнка?”

(Булахаў: ) “Так, прызначаў прэзыдэнт, але гэтая пасада існуе незалежна ад прэзыдэнта”.

(Карэспандэнт: ) “А Вашае стаўленьне да яго зьмянілася ці не?”

(Булахаў: ) “Так, зразумела. Сёньня Лукашэнка – зусім іншы чалавек, чым той, якога я ведаў калісьці. Гэта – прэзыдэнт, палітык зь вялікай літары, гэта чалавек, які трымае ўладу і кантралюе сытуацыю ў рэспубліцы”.

Гаварыў Дзьмітры Булахаў, якога сёньня Лукашэнка прызначыў паўнамоцным прадстаўніком Беларусі ў статутных ворганах СНД.

Юры Дракахруст, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org