RFE/RL |
Чацьвер, 30 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Злучаныя Штаты Амэрыкі вырашылі падтрымаць Украіну, нягледзячы на адсутнасьць рэформаў у гэтай краіне. Кіеў па-ранейшым будзе атрымліваць дапамогу, паколькі гэта адпавядае стартэгічным інтарэсам ЗША. Чаму? Адказу на гэтае пытаньне прысьвечаны артыкул у сёньняшнім нумары брытанскай газэты “Financional Times”. У сьнежні 1919 году прэм’ер- міністар Вялікае Брытаніі Дэвід Лойд-Джордж і прэм’ер-міністар Францыі Жорж Клемансо дамовіліся паміж сабой аб тым, што потым атрымае назоў “палітыкі адчаю”. Узьнікла ідэя стварыць кальцо зь незалежных дзяржаваў на заходняй мяжы бальшавіцкай Расеі. Праз восемдзесят гадоў дух Клемансо і Лойд-Джорджа адрадзіўся на вуліцах украінскай сталіцы. Абраньне Ўладзімера Пуціна прэзыдэнтам Расеі, што стварае патэнцыйную магчымасьць адраджэньня імпэрыі, зноў прыцягнула ўвагу да яе заходніх суседзяў і, ў першую чаргу, – да Украіны. Украіна зь яе 50 мільёнамі жыхароў займае трэцяе мейсца ў аб’ёме амэрыканскай дапамогі пасьля Ізраілю й Эгіпту. Яна таксама атрымала крэдыт у 3 мільярды даляраў зь Міжнароднага Валютнага Фонду на правядзеньне эканамічных рэформаў. У сваю чаргу, у галіне абароннай палітыкі памкненьні Ўкраіны скіраваныя на “інтэграцыю ў Эўраатлянтычныя структуры”. Супрацоўніцтва Украіны з НАТО ў рамках праграмы “Партнэрства Дзеля Міру”, было працягнутае ў 1998 годзе дэкрэтам прэыздэнта. Скіраванасьць украінскае стратэгіі на Заходнюю Эўропу й ЗША выразна выявілася летась, цягам вайны ў Югаславіі. 12 чэрвеня 1999 году Ўкраіна адмовіла ў прадастаўленьні сваёй паветранай прасторы для дастаўкі самлётамі расейкіх атрадаў на аэрадром Слаціна ў Косаве. Аднак намаганьні, скіраваныя на падтрымку незалежнасьці Ўкраіны, ускладняюцца правалам рэформаў у эканоміцы. Палітыка Вашынгтона ў адносінах Украіны пацярпела таксама ў выніку скандалу з выкарыстаньнем грошай МВФ, які можа паўплываць на лёс цяперашняга прэм’ер-міністра, рэфарматара Віктара Юшчанкі. Прэзыдэнт Кучма прызначыў Юшчанку прэм’ерам пасьля сутрэчы ў сьнежні мінулага году з прэзыдэнтам Клінтанам і віцэ-прэзыдэнтам Горам у Вашынгтоне. Аднак, перад гэтым МВФ выявіў, што цэнтральны банк Украіны, у якім старшыняваў Юшчанка, сфальшаваў эканамічныя паказчыкі, у выніку чаго Фонд даў крэдыты, у якіх не было неабходнасьці. Юшчанка пацьвердзіў на мінулым тыдні, што ў справе актываў Цэнтральнага банку “былі пытаньні”, аднак ён заявіў, што нічога аб гэтым ня ведаў у той час. Зараз Кіеў поўніцца чуткамі аб ягонай блізкай адстаўцы. Некаторыя крытыкі палітыкі Вашынгтону сьцьвярджаюць, што ён падтрымліваў Кіеў на сваю бяду, і што абяцаньні працягваць эканамічную дапамогу Украіне насамрэч падрываюць імкненьне да рэформаў. Былы прадстаўнік МВФ у Маскве Аўгоста Лопес скрытыкаваў праграмы фонду ў Расеі і ва Ўкраіне, заявіўшы, што стратэгічныя інтарэсы часта пераважалі над абавязальніцтвамі дапамагаць рэформам. Разам з тым, ЗША працягваюць рабіць стаўку на Юшчанку, чый урад скараціў бюджэт і працягвае адміністрацыйную рэформу. “Мы жадаем Украіне посьпеху ў тым, каб яна сталася стабільнай бясьпечнай дзяржавай з разьвітай эканомікай, з моцным сярэднім клясам, краінай, якая інтэгруецца ў Эўраатлянтычную супольнасьць дэмакратычных краінаў з рынкавай эканомікай,” – заявіў прадстаўнік Белага Дому і дадаў. – “Мы лічым, што ўрад Юшчанкі больш заслугоўвае даверу ў ягонай здольнасьці дасягнуць мэтаў, чымся які-небудзь іншы перад гэтым”. На знак падтрымкі з боку Захаду, Рада сябраў НАТО ў лютым упершыню адбылася на тэрыторыі краіны, якая не ўваходзіць у Паўночна-Атлянтычны альянс – у Кіеве. Віталь Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |