RFE/RL |
Чацьвер, 30 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Так званы дыялёг грамадзка-палітычных сілаў, які пачаўся ўчора, пакуль не выклікае асаблівай цікавасьці ў шараговых грамадзянаў Беларусі. Нават тыя, хто ведае пра яго, скептычна ставяцца да магчымых вынікаў. Такія высновы можна зрабіць з апытаньня на вуліцах Менску, якое правёў наш карэспандэнт Ягор Маёрчык. За дзьве гадзіны вандровак па вуліцах Менску я апытаў больш за 20 мінакоў. Зь іх толькі чацьвёра больш-менш пэўна адказалі на пытаньні пра тое, ці ведаюць яны пра пачатак грамадзкага дыялёгу, і што можа стаць вынікам гэтага працэсу? Увогуле, пасьля падзеяў 25 сакавіка, якія дзіўным чынам супалі з абвяшчэньнем і пачаткам грамадзкага дыялёгу, разьняволенасьці ў жыхароў Менску стала прыкметна меней. Раней было даволі проста атрымаць адказы на самыя палітызаваныя і вострыя пытаньні. Але апошнім часам усё больш мінакоў, убачыўшы мікрафон, прадбачліва адыходзяць убок. Сёньня ж я сутыкнуўся з тым, што суразмоўца ў адказ на пытаньне падазрона пазірае і выказвае жаданьне праверыць, ці сапраўды ён мае справу з журналістам: (Карэспандэнт: ) “Вы ведаеце, што ў Беларусі пачаўся грамадзкі дыялёг?” (Голас: ) “Ведаю. А вашае пасьведчаньне пакажыце”. Пасьля таго, як я паказаў яму пасьведчаньне, мінак супакойваецца й гутарка працягваецца: (Карэспандэнт: ) “Што можа стаць вынікам гэтага дыялёгу?” (Голас: ) “Ды нічога. Мне цяжка адказаць. Разумееце, з нашым прэзыдэнтма вельмі цяжка дамовіцца. 25-га дамовіліся”. А вось яшчэ адно меркаваньне: (Карэспандэнт: ) “Вы ведаеце, што ў Беларусі пачаўся грамадзкі дыялёг?” (Голас: ) “Ведаю”. (Карэспандэнт: ) “А як Вы лічыце, што можа стаць вынікам гэтага дыялёгу?” (Голас: ) “Я думаю, што дыялёгу не атрымаецца”. (Карэспандэнт: ) “Чаму?” (Голас: ) “Пакуль не гатовыя да гэтага”. (Карэспандэнт: ) “Хто не гатовы – улады ці апазыцыя?” (Голас: ) “Улады”. (Карэспандэнт: ) “А што ім трэба, каб падрыхтавацца да гэтага?” (Голас: ) “Трэба зьмяніць усю ўлады. Трэба каб было болей сапраўднай дэмакратыі, а не той, якую нам прапануюць”. (Карэспандэнт: ) “Вас увогуле цікавіць сама хада дыялёгу?” (Голас: ) “Цікавіць”. Зрэшты, сустракаюцца людзі, якія не губляюць надзею на хуткія пераўтварэньні ў грамадзтве: (Карэспандэнт: ) “Ці ведаеце вы, што ў Беларусі пачаўся грамадзкі дыялёг?” (Голас: ) “Так, чуў” (Карэспандэнт: ) “Што павінна стаць вынікам гэтага дыялёгу?” (Голас: ) “Пэўна, заўсёды была мара беларускага народу пра тое, каб беларусамі звацца. Я думаю, што гэта і павінна стаць вынікам. Я заўсёды лічыў, што беларусам звацца – гэта гонар. Мяне ня вельмі прываблівае ідэя славянскага бацтва. Трэба звацца чалавекам і мець свой нацыянальны гонар”. (Карэспандэнт: ) “А Вы сочыце за хадой дыялёгу?” (Голас: ) “Сказаць так, што сачу пастаянна – не. Не хапае часу”. (Карэспандэнт: ) “Ці ведаеце вы, якія пытаньні вынесеныя на абмеркаваньне, хто бярэ ўдзел у дыялёгу?” (Голас: ) “на дазены момант, праўду кажучы, не”. Больш скептычна да магчымых вынікаў дыялёгу ставіцца прадстаўніца маладога пакаленьня: (Голас: ) “Дыялёг – гэта натуральны стан грамадзтва. Ён павінен адбывацца не паводле нейкага рэглямэнту адзін раз за ўсё былое прэзыдэнцтва ўзурпатара Лукашэнкі, але ён павінен адбывацца кожны дзень, кожную хвіліну з усімі грамадзкімі сіламі. А ў нас гэта – гульня, у якую гуляюцца, каб не праводзіць сапраўдныя перамовы, якія могуцб мець сапраўдныя вынікі”. (Карэспандэнт: ) “На Ваш погляд, дыялёг, які ўчора пачаўся, ён будзе мець нейкія вынікі, ці ўсё ж гэта гульня?” (Голас: ) “Магчыма, ён будзе мець вынікі для нейкіх грамадзкіх арганізацыяў, якія жадаюць сябе зрэклямаваць, але гэтая рэкляма хутчэй будзе для іх антырэклямай. Гэта можа мець нейкі плён для ўлады, што вось, маўляў, мы пайшлі на дыялёг…” (Карэспандэнт: ) “А як Вы лічыце, якім чынам будзе адбывацца гэты дыялёг?” (Голас: ) “Я разумею, двухбаковы дыялёг пры пасярэдніцтве АБСЭ, перамовы, а тут усё з аднаго боку, нейкі хор хлопчыкаў, які сьпявае ў адзін голас дыфірамбы”. (Карэспандэнт: ) “Скажыце, чаму Вас гэта цікавіць?” (Голас: ) “Вывучаю паліталёгію, і гэта натуральна, што я цікаўлюся гэтымі праблемамі. Я лічу, што зараз грамадзтва знаходзіцца ў такім стане, падзеленае на два лягеры, і яно зацікаўлена ў зьменах”. Апытаньне на вуліцах Менску правеў Ягор Маёрчык
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |