RFE/RL |
Чацьвер, 30 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Эўрапейскі Зьвяз рыхтуецца паскорыць лібэралізацыю ў гандлі з балканскімі краінамі, каб дапамагчы ў адбдове эканомікі рэгіёну і спрыяць яго інтэграцыі ў Зьвяз. Так у сераду заявіў Эўрапейскі камісар у міжнародных справах Крыс Патэн. Артыкул на гэтую тэму зьмешчаны сёньня у газэце “Financial Times”. Эўразьвяз плянуе фінансавую дапамогу рэгіёну ў памеры 1мільярд 800 мільёнаў эўра, якая мусіць быць выдаткаваная ў бліжэйшыя 12-18 месяцаў, - паведаміў спадар Патэн на канфэрэнцыі, прысьвечанай стабільнасьці ў Паўднёва-Усходняй Эўропе і міжнароднай дапамозе. Балканскія краіны могуць атрымаць лепшы доступ да рынкаў Эўрапейскага Зьвязу, нават яшчэ да падпісаньня дакумэнтаў аб супрацоўніцтве з Брусэлем – у форме стабілізацыйнага крэдыту й дамоўленасьцяў. Гэта азначае, што ў дачыненьні да балканскіх краінаў эканамічная палітыка будзе больш спрыяльнай чым, напрыклад, да Польшчы ці іншых ўсходне-эўрапейскіх краінаў, якія ўжо на шляху да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз. Абяцаньне камісара камітэту міжнародных справаў Эўразьвязу Крыса Паттэна – пацьверджаньне абавязальніцтваў, прынятых на саміце Эўрапейскага Зьвязу на мінулым тыдні ў Лісабоне. Эўразьвяз мусіў пад націскам Злучаных Штатаў прысьпешыць лібэралізацыю гандлю з Балканамі. Патэн паведаміў, што пасьля трох войнаў у былой Югаславіі, якія адбываліся адна за адной, праблемы рэгіёну трэба вырашаць на розных узроўнях, у тым ліку – палітычным і эканамічным. “Гэта тое, пра што гаворыцца ў стабілізацыйным пакце, згодна зь яікім крызыс за крызысам – абыходзяцца значна даражэй, чымся рэалізацыя доўгатэрміновай мірнай стратэгіі.” Спадар Патэн паведаміў, што краіны рэгіёну павінныя больш свабодна гандляваць паміж сабой ды іншымі краінамі Эўропы, блізкімі да сяброўства ў Эўразьвязе. Ён заявіў, што краіны-кандыдаты абяцалі, што ня будуць ствараць гандлёвыя бар’еры супраць балканскіх краінаў. Паводле словаў Патэна, Эўрапейскі Звьяз можа выдаткаваць 530 мільёнаў эўра ў тэрміновым парадку ў рамках агульнай праграмы дапамогі Балканскаму рэгіёну, разьлічанай на 6 гадоў. 2 мільярды 300 мільёнаў эўра у рамках гэтай праграмы прызначаныя ў дапамогу Сэрбіі, аднак яна не атрымае гэтых грошай, пакуль краінай кіруе Слабадан Мілошавіч. Невялікая частка зь іх прызначаная Чарнагорыі, якая ўваходзіць у югаслаўскую федэрацыю. Аднак, Усясьветны банк, які таксама ўдзельнічае ў справе ажыўленьня эканомікі рэгіёну, ня можа дапамагчы Чарнагорыі, паколькі яна ня ёсьць сувэрэннай дзяржавай. Прэзыдэнт Банку Джэймс Вулфенсан сказаў, што хацеў бы дапамагчы, аднак банкаўскія правілы не дазваляюць гэтага зрабіць. Вольга Караткевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |