RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 30 Сакавіка 2000

Сёньня:



Стала вядома, што дэлегацыя “тройкі” АБСЭ, нягледзячы на падзеі 25 сакавіка, усё ж у пачатку красавіка наведае Беларусь. Візыт будзе нядоўгім – працягнецца ўсяго паўтары дні.

Да сёньняшняга дня было невядома – ці прыбудзе “тройка” АБСЭ ў Менск 2 красавіка, як было заплянавана раней, або гвалт уладаў над дэманстрантамі й журналістамі ў Дзень Волі зьменіць гэтыя пляны. Сёньня кіраўніцтва АБСЭ вырашала не адкладваць візыт. Але ён будзе кароткім.

Міжнародныя чыноўнікі прыляцяць у сталіцу Беларусі ўвечары 2 красавіка. А ўжо ў другой палове дня 4 красавіка адлятаюць назад у Вену.

Менск наведаюць прадстаўнікі выканаўчых структураў АБСЭ – супрацоўнікі вонкапалітычных ведамстваў Аўстрыі, якая старшынюе ў АБСЭ, ейнай папярэдніцы Нарвэгіі і Румыніі, якая будзе кіраваць у АБСЭ ў 2001 годзе.

Папярэдняя праграма знаходжаньня “тройкі” ў Менску ўжо распрацаваная. І тут адразу кідаецца ў вочы, што ў ёй ня прадугледжаныя сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі. Самая высокая паводле службовага статусу асоба, зь якой маюць намер гутарыць міжнародныя чыноўнікі, – гэта першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі “прэзыдэнта” Ўладзімер Русакевіч. Ды й склад эўрапейскага дэсанту таксама ня вельмі высокі – на роўні сярэдняга вязьма.

Новая “тройка” менш прадстаўнічая, чым папярэдняя, якая наведвала Беларусь месяц таму і ў склад якой уваходзілі супрацоўнікі трох міжнародных арганізацыяў – Парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы й АБСЭ, а таксама Эўрапарлямэнту. Аднак галоўныя функцыі і задачы дзьвюх місіяў фактычна аднолькавыя – гэта спроба наладзіць перамовы паміж афіцыйнымі ўладамі й палітычнай апазыцыяй, якія б прывялі да дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў.

У цяперашняй “тройкі” АБСЭ становішча больш складанае, чым у ейнай папярэдніцы. Гвалтоўны разгон дэманстрацыі 25 сакавіка, на думку Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў, зрабіў немагчымым правядзеньне парлямэнцкіх выбараў гэтай восеньню. І міжнародным чыноўнікам давядзецца ўлічваць гэтую пазыцыю.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org