RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 30 Сакавіка 2000

Сёньня



Два дні, 29 і 30 сакавіка, у судзе Ленінскага раёну Горадні адбываўся разгляд адміністрацыйнай справы Адольфа Зацэпіна – аднаго з арганізатараў мітынгу, што прайшоў 25 сакавіка. Адольф Зацэпін аштрафаваны на 152 тысячы рублёў.

У суд былі выкліканыя сьведкі – два міліцыянты зь інспэкцыі ў справе непаўнагадовых. Яны патлумачылі, што 25 сакавіка начальнік РАУС палкоўнік Васілеўскі сабраў асабовы склад, каб узмацніць ахову парадку пад час правядзеньня масавай акцыі. Абодва прызналіся, што спадара Зацэпіна яны ня бачылі, але з плошчы Савецкай да месца правядзеньня мітынгу прайшло шэсьце з транспарантамі і сьцягамі.

Сьведка з другога боку, Сяргей Мальчык, які таксама быў арганізатарам мітынгу, патлумачыў наступнае. Была пададзеная заяўка, каб правесьці мітынг на плошчы Савецкай, у цэнтры гораду. Улады прызначылі месцам правядзеньня новы парк, але частка ўдзельнікаў усё ж сабралася на плошчы Савецкай. Арганізатары папярэдзілі міліцыю, што правядуць іх у парк пешаходным маршрутам, аднак быў выкліканы АМОН, які прымусіў шэсьце збочыць і рухацца вуліцай, запоўненай транспартам. Што датычыць спадара Зацэпіна, дык ён увогуле ўвесь час знаходзіўся на месцы правядзеньня мітынгу ў парку і ў шэсьці ня ўдзельнічаў.

Судзьдзя Дзьмітры Дземчанка, аднак, палічыў Адольфа Зацэпіна вінаватым у правядзеньні шэсьця і вызначыў яму пакараньне, не зважаючы на ягоны маёмасны стан, як было падкрэсьлена, а менавіта, 160 мінімальных заробкаў або 152 тысячы рублёў, удакладніў судзьдзя.

Заробак у рабочага Адольфа Зацэпіна, дарэчы, роўны 28-мі тысячам рублёў.

Сяргей Астраўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org