RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Сакавіка 2000

Сёньня



Уладзімер Пуцін пацьвердзіў цяперашні стан рэчаў у Чачні – так адрэагавалі замежныя выданьні на рашэньне захаваць за маршалам Сяргеевым пасаду міністра абароны Расеі.

Інфармацыйнае агенцтва Reuters паведамляе аб прыезьдзе ў Чачню міністра ўнтураных справаў Расеі Ўладзімера Рушайлы і генэрала Вячаслава Ціхамірава, які камандуе ўнутранымі войскамі.

Тым часам кіраўнікі суседніх з Чачнёй расейскіх рэспублік Паўночнага Каўказу заклікалі да перамоваў з прэзыдэнтам Асланам Масхадавым. Яны заявілі, што прысьпеў час спыніць вайсковую кампанію, якая цягнецца ўжо 6 месяцаў.

У прыватнасьці, прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аўшаў заявіў у інтэрвію расейскаму тэлебачаньню, што ён гатовы быць пасярэднікам паміж урадам Масхадава й Масквой. Аднак, прадстаўнік Крамля Сяргей Ястржэмбскі паўтарыў вядомую пазыцыю наконт таго, што ня можа быць непасрэдных перамоваў з Масхадавым.

Чачэнскія байцы працягваюць баі супраць расейкіх войскаў. Агенцтва Reuters спасылаецца на паведамленьне старонкі Каўказ у Інтэрнэце, дзе гаворыцца, што чачэнскі атрад атакаваў пост міліцыі ў Грозным і зьнішчыў прынамсі 6 амонаўцаў. Чачэнскі бок паведамляе таксама пра напад на расйекую вайсковую калёну ў Кушалоўскім раёне, у 30 кліямэтрах каля Грознага, у выніку якога былі забітыя 70 жаўнераў.

Расейкія афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што ў Чачні застаюцца больш як 3000 байцоў, зь якіх 2000 – у гарах на поўдні рэспублікі. Там, верагодна, знаходзяцца Басаеў і Хатаб.

Па-ранейшаму на ўсёй тэрыторыі Чачні працягвалася праверка аўтамабільнага й чыгуначнага транспарту з мэтай прадухіліць прарыў чачэнскіх сілаў на раўніну.

Напярэдадні вярхоўны камісарыят ААН у справах уцекачоў паведаміў, што адпраўка другога гуманітарнага канвою ў Чачню адкладецца з-за адсутнасцьі гарантыяў бясьпекі.

Газэта “New York Times” аналізуе сёньня прычыны рашэньня Ўладзімера Пуціна пакінуць на сваёй пасадзе цяперашняга міністра абароны Расеі Ігара Сяргеева. Гэты крок, відавочна, разьлічаны на тое, каб паказаць, што Крэмль, быццам бы, задаволены вайсковай кампаніяй у Чачні, нягледзячы на вялікія людзкія страты й упарты супраціў чачэнскіх незалежнікаў. Гэта таксама падзяка маршалу Сяргееву за ягоную ляяльнасьць, – піша “New York Times”. Аднак, рашэньне Пуціна таксама захавла статус-кво вайскоўцаў, далёка не бліскучая стратэгія якіх у Чачні паказала неабходнасць вайсковых рэформаў.

Аднак, насуперак заявам Крамля пра баявыя посьпехі, баі ў Чачні працягваюцца – яны ідуць непадалёк горнага паселішча Цэнтэрой і, нават, у сталіцы рэспублікі Грозным.

Рашэньне падтрымаць маршала Сяргеева наўрад ці сьведчыць пра задаволенасьць станам моцна патрапаных расейкіх войскаў. Крэмль ня можа быць задаволены няўдалымі спробамі задушыць чачэнскі супраціў яшчэ да пачатку прэзыдэнцкіх выбараў, што расейкія генэралы публічна абяцалі зрабіць.

Аднак, гэтае рашэньне адпавядае палітычнай лёгіцы. Замена міністра разглядалася б як сьведчаньне таго, што Крэмль незадаволены мэтадамі баявых дзеяньняў. Але ж расейкія генэралы дэманстравалі ляяльнасць Крамлю і выступілі ў падтрымку Пуціна на выбарах.

Няясна, як доўга маршал Сярееў застанецца на сваёй пасадзе. Расейкая газэта “Сегодня” выказала меркаваньне, што ён будзе міністрам да таго часу, пакуль вайна ў Чачні будзе працягвацца. “Канешне, калі яна не пертворыцца ў стогадовую вайну”.

Віталь Тарас


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org