RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Сакавіка 2000

Сёньня:



Дакумэнты аб наданьні падаткавых палёгкаў беларускаму фонду імя Махмуда Эсамбаева і вядомай фірме “Торгэкспо” з аўтографамі Аляксандра Лукашэнкі ды Івана Ціцянкова далучаныя сёньня да матэрыялаў справы Міхала Чыгіра. Экс-прэм’ер лічыць, што гэтыя дакумэнты дапамогуць яму абвергнуць абвінавачваньні пракуратуры.

Гаворка йдзе пра цэлы пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць практыку ўзычэньня падаткавых палёгкаў розным фірмам пад час прэм’ерства Міхала Чыгіра.

Як вядома, у матэрыялах справы супраць Чыгіра разглядаецца эпізод, зьвязаны зь фірмаю “Піаск”, якая атрымала адтэрміноўку выплаты мытаў за ўвезеныя аўтамабілі. Сьледзтва даказвае, што Чыгір, дазваляючы гэтыя адтэрміноўкі, дзейнічаў насуперак правілам, якія тады йснавалі.

Міхал Чыгір сьцьвярджае адваротнае – што практыка выдачы палёгкаў існавала, і ўвёў яе не прэм’ер – яна зьявілася з дазволу прэзыдэнта й паводле ініцыятывы Кіраўніцтва справаў. У якасьці доказу Чыгір прад’явіў лісты за подпісам былога кіраўніка справаў Івана Ціцянкова, які хадайнічае аб узычэньні палёгкаў для беларускага фонду падтрымкі й разьвіцьця культуры імя Махмуда Эсамбаева й фірмы “Торгэкспо”.

Як вядома, гэтыя арганізацыі у 1995-1996-м гадох завезьлі ў Беларусь, а адсюль у Расею розных тавараў – гарэлкі, аўтамабіляў, побытавай тэхнікі – паводле прыблізных падлікаў, больш чым на мільярд даляраў, а мыту так і не заплацілі.

“Бюджэт страціў на гэтым шмат дзясяткаў мільёнаў даляраў”, – сьцьвярджае Міхал Чыгір. Ён тлумачыў у судзе, што асабіста быў супраць палёгкаў фонду Эсамбаева й “Торгэкспо”, падазраваў, што яны ніколі не заплоцяць падаткі як трэба, бо былі створаныя адмыслова, каб правезьці празь Беларусь пэўныя тавары й потым зьнікнуць, але анічога ня мог зрабіць, бо за фірмы хадайнічаў Ціцянкоў, а Лукашэнка ставіў на дакумэнтах рэзалюцыю аб згодзе.

Вось, напрыклад, што напісаў Лукашэнка 14 жніўня 1995 году на распараджэньні наконт фонду Эсамбаева: “У далейшым такія палёгкі могуць быць дадзеныя пад канкрэтныя грузы зь ліку тых, пра якія дамовіліся з Чарнамырдзіным і толькі на рашэньне прэзыдэнта”.

Паводле словаў Міхала Чыгіра, паслабленьні ў мытах і падатках выдаваліся ня толькі камэрцыйным фірмам і недзяржаўным фондам, але й шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў і зусім неабавязкова прыводзілі да стратаў. Прыкладам, – згадаў Чыгір, – палёгкі атрымоўвалі Менскі трактарны завод, аб’яднаньне “Атлант”, віцебскі тэлевізійны завод “Віцязь”.

Ільготы дапамаглі гэтым прадпрыемствам выправіць становішча й бюджэт ад гэтага толькі выйграў. Выйграў бы ён і ад адтэрміноўкі выплаты мытаў фірме “Піаск”, але міністэрства фінансаў ня выканала загад прэм’ера у рэалізацыі дамовы аб адтэрміноўцы мытаў, – гэтак лічыць Міхал Чыгір.

Аднак намесьнік міністра фінансаў Мікалаў Румас, які даваў сёньня паказаньні ў судзе, узяць на сваё міністэрства гэтую адказнасьць не пажадаў. Румас заявіў, што Міністэрства фінансаў усё зрабіла як трэба. Цяпер суд будзе спраўджваць словы намесьніка міністра.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org