RFE/RL |
Серада, 29 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валянцін Вялічка паведаміў, што гандлёвы абарот паміж Беларусьсю й Расеяй за першыя два месяцы 2000 году павялічыўся на 40 адсоткаў. На думку адмыслоўцаў, наўрад ці можна казаць пра вялікія дасягненьні ў галіне ўзаемнага гандлю паміж Беларусьсю й Расеяй. Справа ў тым, што параўнаньне вядзецца з аналягічным пэрыядам мінулага году. А на прыканцы 98-га й на пачатку 99-га году тавараабарот значна зьменшыўся ў выніку фінансавага крызысу ў Расеі. Паводле дакладных дадзеных, атрыманых карэспандэнтам “Свабоды” ў Міністэрстве замежных справаў, тавараабарот з Расеяй, сапраўды, павялічыўся ў пачатку году больш чым на 40 адсоткаў. Аднак можна канстатаваць, што Беларусь і Расея проста выйшлі на паказьнікі ўзаемнага гандлю, якія былі напярэдадні расейскага крызысу. Да таго ж, сытуацыя ва ўзаемным гандлі склалася не на карысьць Беларусі – утварылася адмоўнае сальда. Агульны аб’ём узаемных паставак склаў за першыя два месяцы 2000 году 2,3 мільярды даляраў. Беларускае адмоўнае сальда – 255 мільёнаў даляраў. Значная частка імпарту з Расеі – гэта энэрганосьбіты. Таму сьцьвярджэньне, што Беларусь мае разьвіты гандаль з усходняй суседкаю, зьяўляюцца перабольшваньнем. Сапраўды, Расея стала найбольш буйным гандлёвым партнэрам Беларусі. Але гэта адбылося таму, што ў іншыя краіны вельмі складана прадаць неканкурэнтаздольныя беларускія тавары. Што тычыцца імпарту, то ў Беларусі проста не хапае грошай на тое, каб набываць шмат тавараў на Захадзе. Да таго ж, трэба мець на ўвазе й эканамічныя санкцыі, якія ўведзеныя Эўрапейскім Зьвязам і ЗША ў вадносінах да Беларусі – яны таксама не спрыяюць разьвіцьцю гандлёвых зносінаў. Ганна Навумовіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |