RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Сакавіка 2000

Сёньня:



Паводле адмысловага рашэньня гарадзкога выканаўчага камітэту ў Пінску школьныя вакацыі працягнутыя да 10 красавіка. Гэта адзіны горад у Беларусі, дзе працягнутыя вакацыі. Асноўная прычына – не хапае сродкаў на адукацыю ў гарадзкім бюджэце.

Паводле словаў загадчыка гарадзкога аддзелу адукацыі спадара Яленскага, працяг вакацыяў – гэта вымушаны крок. На сёньняшні дзень запазычанасьць гарадзкога бюджэту перад аддзелам адукацыі складае больш за 250 мільёнаў рублёў. Няма чым аплочваць камунальныя паслугі, харчаваньне вучняў а таксама плаціць заробак настаўнікам. У школах адключанае ацяпленьне.

Але гэтая эканомія сродкаў вельмі дрэнна адаб’ецца на якасьці ведаў вучняў, – лічыць старшыня Пінскай арганізацыі вольных прафэсійных саюзаў настаўнікаў Рыгор Бурван. Спадар Бурван паведаміў нам, што ў гэтым навучальным годзе ў Пінску школы ўжо былі аднойчы зачыненыя цягам 10 дзён з нагоды карантыну. Калі дадаць яшчэ адзін тыдзень, атрымліваецца, што ў вучняў скралі 17 дзён заняткаў. “Каб неяк выканаць навучальную праграму, настаўнікі будуць вымушаныя выкладаць тэмы вельмі сьцісла, што ў выніку прывядзе да вельмі нізкай якасьці ведаў”, – адзначыў Рыгор Бурван.

Што тычыцца настаўнікаў, дык ім настойліва прапануюць на тыдзень узяць адпачынак сваім коштам А тым, хто адмаўляецца, прыдумалі кару – усе гэтыя дні абавязкова знаходзіцца ў школах поўны працоўны дзень.

Праблемы зь фінансаваньнем маюць таксама мэдычныя работнікі гораду. Цікава, што калі супрацоўнікі Пінскае гарадзкое лякарні (а там працуе больш за паўтары тысячы чалавек) пачалі скардзіцца кіраўніцтву на затрымку сваіх мізэрных заробкаў, прадстаўнікі выканаўчага камітэту адказалі: “Грошай няма, усё выдаткавалі на пасяўную. Гэта зараз больш важна”.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org