RFE/RL |
Аўторак, 28 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Рэакцыя на падзеі 25 сакавіка ў Менску сябра Эўрапейскага Парлямэнту, сябра трохасабовай парлямэнцкай камісіі, якая нядаўна наведала Беларусь, Ёнга Вірсмы. (Вірсма: ) “Я асабіста быў вельмі зьдзіўлены тым, што здарылася ў Менску ў мінулыя выхадныя. Тыдзень перад гэтым, пад час Маршу Свабоды –2, не было ніякіх інцыдзентаў. А гэтым разам было столькі праблемаў. Я думаю, што гэта быў тыповы выпадак паліцэйскай жорсткасьці. Я атрымаў інфармацыю, што бальшыня арыштаваных вызваленыя, праўда, я ня ведаю, ці гэта праўда. Вельмі непакоіць факт, што частка дэманстрантаў была затрыманая па дарозе на дэманстрацыю, а пазьней была жорстка зьбітая і арыштаваная. Мы са свайго боку будзем працягваць нашыя высілкі ў галіне абароны правоў чалавека і ў галіне спрыяньня дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладамі. Мы дзейнічаем у інтарэсах не Лукашэнкі, а ў інтарэсах народу Беларусі. Гэта павольны працэс, але мы былі ў Беларусі, і мы давялі да прэзыдэнта Лукашэнка нашую думку. Мы здолелі арганізаваць хаця б нейкі дыялёг паміж апазыцыяй і ўрадам. Мы і надалей будзем націскаць на беларускі ўрад, каб ён згадзіўся на сапраўдны дыялёг, які будзе датычыць сапраўдных пытаньняў, такіх як выбарчы закон, доступ да сродкаў масавай інфармацыі і вызваленьне палітычных зьняволеных”. (Карэспандэнт: ) “Якія магчымыя далейшыя дзеяньні Эўрапейскага Парлямэнту ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі?” (Вірсма: ) “Я думаю, што тактыка якую мы выкарыстоўваем, а менавіта аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў вакол мадэлі тройкі, правільная. Пасьля візыту ў Менск мы вырашылі падвоіць нашыя высілкі у гэтым кірунку. Я думаю, што толькі адкрытасьць з нашага боку можа рэальна зьмяніць сытуацыю. Я таксама лічу, што тактыка татальнай ізаляцыі Беларусі не прынясе вынікаў. Ад палітыкі ізаляцыі будуць перш за ўсё пакутваць простыя людзі”. Гутарыў Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |