RFE/RL |
Аўторак, 28 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
“Заходнія лідэры асьцярожна працягваюць Пуціну руку”, “Дзяржавы былога савецкага блёку пабойваюцца Пуціна” , “Уладзімер Пуцін –вялікі незнаёмец для Захаду” – такімі загалоўкамі сёньня напоўненыя старонкі міжнароднага друку. ЗША будуць уважліва сачыць, ці зробіць новы лідэр крокі, якія ўмацуюць слабыя інстытуты расейскае дэмакратыі. Пра гэта гаворыцца ў пасланьні Біла Клінтана, які, павіншаваўшы Ўладзімера Пуціна, даў таксама зразумець, што ЗША чакаюць ад расейскага прэзыдэнта мірнага вырашэньня чачэнскага крызысу. Такія ж спадзяваньні выказаныя практычна ўсімі эўрапейскімі лідэрамі. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак выказаў надзею, што Ўладзімер Пуцін адновіць мір на ўсёй расейскай тэрыторыі. Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр заклікаў неадкаладна спыніць агонь у Чачні. Прэм”ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр заклікаў да палітычнага вырашэньня гэтай праблемы. “Спадзяюся, што спыненьне трагічнай вайны ў Чачні стане першым крокам”, - напісаў прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Польскі міністар замежных справаў Браніслаў Гэрэмэк паўтарыў тое самае і выказаў надзею на нармалізацыю расейска-польскіх дачыненьняў. Як адзначае сёньня “International Herald Tribune”, рэакцыя лідэраў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы на абраньне Пуціна была нэрвовай. І галоўным чынам таму, што застаюцца сумненьні наконт таго, ці здольны Пуцін спыніць вайну ў Чачні і ажывіць паміраючую расейскую эканоміку. “Мы маем дзьве пэрспэктывы цяпер, - гаворыць дырэктар Цэнтру міжнародных сувязяў у Варшаве Агнешка Магдзяк-Мішэвска. – Калі Пуціну ўдасца пабудаваць свабодную рынкавую эканоміку ў Расеі, ён будзе больш адкрыты для супрацоўніцтва із Захадам. Калі ж там дойдзе да калапсу эканомікі, то спатрэбіцца вобраз новага ворага, вобраз новай пагрозы”, - прагназуе польскі палітоляг. Аўтар “Washington Post” Дэвід Гофман адзначае, што ў выніку перамогі Пуціна на расейскай палітычнай карце значна паменьшала чырвонага колеру. Газета называе Пуціна “палітычным бульдозерам”, які згарнуў камуніста Зюганава зь яго ўласнай тэрыторыі. Аўтар нагадвае, што ў папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах Зюганаў спаборнічаў зь Ельцыным і атрымаў галасы 23-х з паловай мільёнаў выбаршчыкаў у першым туры. Цяпер Зюганаў страціў прыблізна тры мільёны сваіх прыхільнікаў. На думку назіральнікаў, тое, што Пуцін ня меў яркай палітычнай характарыстыкі якраз і дапамагло яму забраць галасы ад камуністаў і кандыдатаў іншых партыяў. Нізкі рэйтынг падтрымкі астатніх кандыдатаў аўтар расцэньвае як сымптом таго, што Расея, магчыма наблізіцца да дзвюхпартыйнай сыстэмы, ці, прынамсі, што палітычны спэктар партыяў і блёкаў будзе паступова скарачацца. “Трыюмф Пуціна ня быў вынікам дэмакратычных дэбатаў, дзе выбаршчыкі б мелі магчымасьць выбраць паміж рознымі пазыцыямі, адзначае дацкая газэта “Information”. – Гэта былі выбары, калі Пуцін змог – у яго выпадку на працягу ўсяго васьмі месяцаў – выкараскацца з поўнай ананімнасьці і замацаваць сябе ў пазыцыі аднаго з мацнейшых лідэраў сьвету. Адметна, адзначае дацкая газэта, што ён змог гэта зрабіць, ня кажучы нікому, чаго ён на самой справе хоча. Былы шпіён КДБ, працягвае газэта ў сваім рэдакцыйным артыкуле, дабіўся сваёй легітымнасьці праз такія дзеяньні як вайна ў Чачні і перасьлед журналістаў. Расейскія выбаршчыкі былі проста ўражаныя такой дэманстрацыяй сілы – ня маючы, аднак, ніякай засьцярогі пра яе маральныя аспэкты ”, - адзначае дацкая “Information”. “Можа гэта падасца абсурдным, - піша карэспандэнт чэскай газэты “Lidove Nоviny“ ў Маскве Петра Прахазкава, - але сваіх выбаршчыкаў Пуцін знайшоў менавіта таму, што нічога ім не абяцаў, не абцяжарваў падрабязнасьцямі. Яны хацелі мець на чале ўпэўненага чалавека, бацюхну-цара, генэральнага сакратара, шэфа тайнай службы, прэзыдэнта, - усё разам; проста таго, хто здыме зь іх плячэй усе праблемы, будзе дастойна прадстаўляць Расею за мяжой, а галоўнае, навядзе ў краіне парадак. Любой цаной”. Аўтар нямецкай “Frankfurter Rundschau” сёньня так ставіць пытаньне: “Дасюль застаецца загадкай, што прынясе кіраваньне Пуціна. З таго часу, як Барыс Ельцын пад новы год спакойна заплянаваў свой адыход на пэнсію, у палітычную нірвану, уплыў расейскага вайскова-прамысловага комплексу рэзка ўзрос. Кіраваньне Пуціна, працягвае нямецкі аглядальнік, ня будзе весьці да дэмакрытычнага разьвіцьця. Расейскі дом, умоўна кажучы, традыцыйна будуецца ад даху ўніз, і ніжэйшая структура, гэта значыць фундамэнт, павінен слухацца ўказанньняў зьверху”. Чэскі публіцыст Яраслаў Іржу, ацэньваючы зьмену расейскіх лідэраў, піша: “Замест алкаголіка ля стырна расейскае дзяржавы стаіць спрытны гулец”. І далей ў сваім артыкуле ў газеце “Mlada Fronta Dnes” аўтар піша: “Францыю ва ўсім сьвеце сымбалізуе певень, а Расею – мядзьведзь. Але цяпер, калі б рускіх запыталі, з кім параўнаць Пуціна, яны б мусілі адказаць без ваганьняў: зь лісой ці ваўком. У дэмкратычным сьвеце палітык з такімі прыкметамі ня меў бы ў прэзыдэнцкіх выбарах шанцаў. Але ў Расеі, нягледзячы на яе дэмакратычную заслону, усё інакш, - адзначае “Mlada Fronta Dnes”. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |