RFE/RL |
Аўторак, 28 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сёньня Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША прыняў заяву з нагоды падзеяў 25 сакавіка ў Беларусі. У заяве, якую зачытаў прадстаўнік прэсавай службы Дзярждэпартамэнту Філі Рыкер, гаворыцца: “ЗША асуджаюць брутальнае й беспадстаўнае здушэньне беларускімі ўладамі мірнага шэсьця ў Менску 25 сакавіка, удзельнікі якога зьбіраліся адзначыць 82-я ўгодкі стварэньня БНР. Улады выкарысталі ў цэнтры Менску міліцыю з сабакамі ды спэцпадразьдзяленьні, узброеныя бронетранспартэрамі. У выніку былі арыштаваныя ад 200 да 500 беларускіх грамадзянаў. Паведамляецца, што многія зь іх былі зьбітыя. У ліку пацярпелых былі намесьнік старышні Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька, польскі парлямэнатар Марыюш Каміньскі і 35 беларускіх, расейскіх і польскіх журналістаў. Улады таксама затрымалі амэрыканскага грамадзяніна, акрэдытаванага пры Кансультацыйна-маніторынгавай групе АБСЭ, што ёсьць яўным парушэньнем ягонага дыплямытычнага статусу. Здушэньне гэтай дэманстрацыі лукашэнкаўскім рэжымам выразна паказвае адсутнасьць у яго зацікаўленьня ў дыялёгу. Мы заклікаем улады ў Менску неадкладна выпусьціь усіх арыштаваных і забясьпечыць свабоду слова і сходаў”. Акрамя таго, Філіп Рыкер сказаў: “Яшчэ 25 сакавіка мы выказалі амбасадару Беларусі ў ЗША пратэст у сувязі
з разгонам і паведамілі аб рашэньні скасаваць рэжым найбольшага спрыяньня
ў гандлі для Беларусі ў сувязі з парушэньнем правоў працоўных. Гэтае рашэньне
будзе абвешчанае пазьней”.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |