RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 28 Сакавіка 2000

Сёньня



У Савецкім судзе Менску працягваюцца суды над затрыманымі людзьмі пад час апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Падаем падрабязнасьці сёньняшніх працэсаў.

Сёньня судзьдзя Руслан Казадаеў разглядаў першай справу Сяргея Пціцына, якога схапілі міліцыянты, калі той выйшаў з мэтро на тралейбусны прыпынак.

У судзе ён распавёў, што там ён сустрэў свайго знаёмага. Не пасьпелі яны павітацца, як убачылі, што міліцыянты цягнуць жанчыну ў “варанок”. Яго знаёмы абурыўся: “Што ж вы робіце?! Чацьвёра мужчынаў, і цягнеце адную жанчыну?!” і адразу атрымаў удар у твар. Ён паваліўся на зямлю, і яго пачалі зьбіваць пяць міліцыянтаў.

Сяргея Пціцына схапілі й кінулі ў вадзін “варанок”, а яго знаёмага Леаніда Сакольчыка – у другі. Адзін апынуўся ў Савецкім РАУСе, а другі – на стадыёне. Сяргея Пціцына адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, а Леаніда Сакольчыка выкінулі з машыны разам зь дзясяткамі затрыманых у Лошыцы.

На гэты раз сьведкамі з боку міліцыі былі тыя самыя вайскоўцы, якія самі затрымлівалі людзей. Гэта шэраговыя жаўнеры нутраных войскаў Валодзін і Бойка. Сёньня яны зьявіліся ў сваёй звычайнай вайсковай форме. Яны патлумачылі, што схапілі Пціцына за тое, што, “актыўна ўдзельнічаў у мітынгу, якога не было”. На пытаньне судзьдзі: “У чым была ягоная актыўнасьць?”, адказалі: “Ён не рэагавал”. Як ні намагаўся судзьдзя даведацца ад іх – на што ж ён не рэагаваў, так і ня здолеў атрымаць адказу…

Наступная справа была Ангеліны Масюты. Яна атрымала папярэджаньне. Судзьдзя Руслан Казадаеў праігнараваў тую абставіну, што супрацоўнікі міліцыі Галубовіч і Барысевіч хлусілі. Назіральнікі лічаць, што справа была б спыненая, калі б спадарыня Масюта не размаўляла ў судовай залі па-беларуску.

Гэтая ж абставіна адыграла сваю ролю ў справе Аляксандра Гомана зь Дзятлаўскага раёну Гарадзенскае вобласьці. Ён таксама атрымаў сёньня папярэджаньне.

Потым у судовай залі зьявіўся Юрась Барок, сьвятар рыма-каталіцкага касьцёлу, які выконвае абавязкі пробашча Бялынічаў і Шклова. Ён таксама быў затрыманы 25 сакавіка пад час “зачысткі” ў раёне пляцу Якуба Коласа. Ён паведаміў “Радыё Свабода”:

(Барок: ) “Так здарылася, што 25 сакаавіка я знаходзіўся ў Менску па сваіх службовых справах, і дзесьці ў 12.30 прыкладна я накіроўваўся ў катэдру на плошчы Свадобы, і, выходзячы з ЦУМа, я ўбачыў, што там шмат народу. Я не да канца і зарыентаваўся, што там адбывалася, але ў гэты момант, ужо ў раёне ЦУМа і гэтай прадуктовай крамы падышлі супрацоўнікі міліцыі… падышлі, гэта мякка сказана. Яны наляцелі і, прымяняючы сілу і нецэнзурную лаянку, не растлумачыўшы ў чым справа, яны адразу заламалі мне рукі, пасадзілі мяне ў сваю машыну, “казелок” так званы, і завезьлі ў Савецкі РАУС. Я паказаў сваё пасьведчаньне, што я сьвятар і запытаўся прозьвішчы тых, хто мяне затрымліваў, і на якой падставе. Я хацеў проста атрымаць тлумачэньне, чаму так здарылася, чаму мяне беспадстаўна затрымалі, і каб хто-небудзь папрасіў прабачэньня”, – паведаміў Юрась Барок, сьвятар рыма-каталіцкага касьцёлу ў Шклове.

Судзьдзя Руслан Казадаеў спыніў справу Аляксандра Алешкі, якога затрымалі разам з 15-цігадовым сынамі па дарозе ў мэтро. Ён правёў двое сутак ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку.

Вось што ён распавёў “Радыё Свабода”:

“25 сакавіка разам са сваім непаўнагадовым сынам, яму толькі споўнілася 15 год ішоў ў мэтро й быў схоплены міліцыянтамі. Спачатку схапілі майго сына, а потым мяне. Мяне кінулі ў машыну, а сына – у аўтобус. Мяне завезьлі ў Савецкі РАУС, а куды сына – я ня ведаў і, таму, вельмі хваляваўся. Двое сутак я правёў у спэцпрыёмніку, дамоў патэлефаніць мне не далі.

Толькі потым высьвятлілася, што сына завезлі на стадыён, пратрымалі 2 гадзіны, а потым выпусьцілі за браму. У панядзелак нам дахаты патэлефанілі й патрабавалі, каб бацькі напісалі тлумачэньне, што рабіў наш сын 25 сакавіка і чаму быў затрыманы. Гэта было патрабаваньне Першамайскага РАНА.

Я зьбіраюся падаць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў. Мой сын быў вельмі напалоханы: бранетранспартэры, сабакі, міліцыянты зьбіваюць нагамі й дубінкамі жанчынаў, якія ляжаць на зямлі. Гэта ня можа прайсьці бязьсьледна. У яго зьявілася нянавісьць да людзей у міліцэйскай форме”, – паведаміў Аляксандар Алешка.

Пакуль судзьдзя Руслан Казадаеў разглядаў адміністрацыйныя справы затрыманых 25 сакавіка, зьявіліся новыя затрыманыя. Лідэра Сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Міколу Статкевіча супрацоўнікі міліцыі Савецкага РАУСу затрымалі сёньня на аўтастаянцы й пасьля складаньня пратаколу даставілі ў Савецкі суд. Іна Шыйко перанесла разгляд гэтае справы на заўтра з-за хадайніцтва Статкевіча пра адваката.

А 16-й гадзіне міліцыянты затрымалі Вячаслава Сіўчыка, калі той выходзіў са штаб-кватэры БНФ. Яго кінулі ў “варанок”, адвезьлі ў Савецкі РАУС, а зараз яго таксама чакаюць у Савецкім судзе.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org