RFE/RL |
Аўторак, 28 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Амэрыканскі кангрэсмэн Сэм Гэйдэнсан выступіў з асуджэньнем дзеяньняў беларускіх уладаў пад час сьвяткаваньня Дня Волі. У сваёй заяве кангрэсмэн Гэйдэнсан, сябра Камісіі замежных справаў Палаты Прадстаўнікоў скрытыкаваў дзеяньні міліцыі ў Менску і ўжыцьцё сілы да мірных дэманстрантаў. Сёньня кангрэсмэн даў інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода. Ля мікрафону Аляксандар Лукашук. З Кангрэсмэнам Сэмам Гэйдэнсанам, які прадстаўляе ў Вашынгтоне штат Канэктыкут, удалося зьвязацца акурат перад выхадам нашай праграмы ў эфір. Гэйдэнсан знаходзіўся на невялікім мясцовым аэрадроме, і да вылету ў сталіцу заставалася паўгадзіны, але ён пагадзіўся адказаць на пытаньні беларускай “Свабоды”. Напачатку я пацікавіўся, чаму кангрэсмэн так абвострана прарэагаваў на падзеі ў Менску. (Гэйдэнсан: ) “Перш за ўсё, я маю асабістыя сувязі – майго бацьку пад час вайны ўратавалі ад сьмерці дзьве беларускія сям’і. Калі глянуць на былы Савецкі Саюз, дык бачна, што Беларусь знаходзіцца ў найгоршым стане ў шмат якіх адносінах. Эканоміка ў катастрафічным стане, людзі пакутуюць. Лукашэнка спрабуе расьціснуць усе спробы дэмакратыі і апазыцыі і насамрэч змагаецца з плыньню гісторыі. Ад Расеі да Украіны, недзе гэта адбываецца лепш, недзе горш, але Лукашэнка напэўна ўжывае самыя вялікія намаганьні, каб забіць дэмакратыю і спадзяваньні людзей”. (Лукашук: ) “Што больш за ўсё Вас ўстрывожыла ў дзеяньнях беларускіх уладаў у мінулую сыботу?” (Гэйдэнсан: ) “Арышты людзей, паводзіны паліцыі. Гэта тактыка паліцэйскай дзяржавы, а не тактыка дэмакратычнага грамадзтва. І калі гаварыць шчыра, галоўная праблема палягае ў тым, што Лукашэнка абыходзіць канстытуцыю, дзейнічае па-за канстытуцыйным шляхам, і ў апазыцыі няма альтэрнатывы апроч як выйсьці на вуліцы. А калі яны выходзяць на вуліцу, іх арыштоўваюць, зьбіваюць. Гэта жахлівая сытуацыя”. (Лукашук: ) “У Менску была затрыманая небывалая колькасьць журналістаў – больш за тры дзясяткі, зь іх сямёра – карэспандэнты беларускай “Свабоды…” (Гэйдэнсан: ) “Гэта якраз тое, што таталітарная дыктатура заўсёды намагаецца рабіць – спрабуе запалохваць журналістаў, спрабуе запалохваць народ. І гэта пры прэзыдэнце Лукашэнку адбываецца ў Беларусі зноў і зноў – і гэта павінна скончыцца. Сусьветная супольнасьць не дазволіць, каб адна краіна пайшла назад, да сталінізму, чаго, як выглядае, спадар Лукашэнка хоча дасягнуць”. (Лукашук: ) “Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі цяпер намагаецца ўскласьці віну за арышты журналістаў на маладых ды неабучаных салдатаў, якія быццам перастараліся…” (Гэйдэнсан: ) “Віна кладзецца на Лукашэнку – за ягонае нежаданьне дазволіць разьвівацца дэмакратычнаму працэсу. У любых сфэрах – ці гэта тычыцца прыватных ці некамэрцыйных арганізацыяў, ці апазыцыі, ці свабоднага друку. Спадар Лукашэнка і ягоныя памагатыя спрабуюць здушыць дэмакратыю ва ўсіх абліччах. Ім ня ўдасца. Мы не дазволім, каб гэта працягвалася. Па ўсёй Эўропе будзе пашырацца супраціў сп. Лукашэнку і ягонай палітыцы. Я сустрэўся з шэрагам эўрапейскіх амбасадараў – яны ўсе ўжо вельмі стаміліся ад гэтага аўтарытарнага рэжыму”. (Лукашук: ) “Спадар Гэйдэнсан, Вы былі аўтарам рэзалюцыі Кангрэсу ЗША, якая заклікае да дыялёгу, да справядлівых і вольных выбараў у Беларусі сёлета. Між тым, апазыцыя, здаецца, ужо згубіла надзею як на дыялёг, гэтак і на выбары”. (Гэйдэнсан: ) “Я разумею іхнае расчараваньне на гэтым этапе. Сытуацыя ня надта шматабяцальная. Я думаю, што мы, сусьветная супольнасьць, мусім далучыцца да народу Беларусі ў знак салідарнасьці, выступіць супраць гэтай спробы аднавіць стіалінізм”. Інтэрвію з сябрам Камісіі міжнародных справаў Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Сэмам Гэйдэнсанам вёў Аляксандар Лукашук
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |