RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 28 Сакавіка 2000

Сёньня:



Беларускія ўлады пачалі прапагандысцкую і арганізацыйную падрыхтоўку да дня 2 красавіка, які яны называюць “Сьвятам яднаньня народаў Беларусі й Расеі”. Адная зь першых акцыяў прайшла сёньня ў Грамадзкім прэсавым цэнтры, дзе на працягу 1,5 гадзіны 12 чыноўнікаў пераконвалі журналістаў і саміх сабе ў неабходнасьці інтэграцыі.

Памочнік прэзыдэнта Сяргей Посахаў, дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”, чыноўнікі выканаўчых структураў хаўрусу Беларусі й Расеі і супрацоўнікі амбасады Расеі склікалі сёньня журналістаў у Грамадзкім прэсавым цэнтры, каб распавесьці пра посьпехі й праблемы на ніве інтэграцыі.

Праблемаў, як высьвятлілася, аказалася больш. Нават пад час самога “круглага стала” паміж ягоным удзельнікамі ўзьнікла дыскусія наконт далейшых крокаў на шляху гэтак званага “яднаньня”. Распачалася спрэчка, што трэба рабіць спачатку: праводзіць выбары ў агульны парлямэнт, арганізоўваць рэфэрэндум або прымаць кардынальны канстытуцыйны акт.

Пакуль жа хаўрус Беларусі й Расеі ня мае на сёлета нават зацьверджанага бюджэту – фінансаваньне праграмаў ідзе памесячна паводле леташняга ўзроўню. У красавіку павінна адбыцца паседжаньне Рады міністраў, а ў траўні – Вышэйшае рады хаўрусу дзьвюх дзяржаваў. Там мяркуецца зацьвердзіць пералік захадаў у галіне інтэграцыі на 2000 год, але, мяркуючы па ўсім, пакуль нейкіх радыкальных крокаў не плянуецца.

Для журналістаў, якія патроху пачалі пакідаць памяшканьне прэс-цэнтру, напэўна, самай цікавай інфармацыяй сталі вынікі апытаньня, праведзенага ў лютым Інстытутам сацыяльна-палітычных дасьледваньняў пры адміністрацыі “прэзыдэнта” Беларусі. Іх прадставіў першы намесьнік дырэктара інстытуту Георгі Пашкоўскі.

Паводле гэтага апытаньня, толькі 13 адсоткаў насельніцтва Беларусі выступаюць за стварэньне ўнітарнае дзяржавы Беларусі й Расеі, толькі 20 – за пераход да адзінае грашовае сыстэмы. Стварэньне хаўруснае дзяржавы Беларусі й Расеі падтрымліваюць 54 адсоткі насельніцтва, аднак сярод моладзі гэтая падтрымка дасягае толькі 35 адсоткаў. У той час як супраць стварэньня адзінае дзяржавы цьвёрда выступае 25 адсоткаў (астатнія ня вызначыліся); сярод студэнцтва лічба праціўнікаў інтэграцыі складае 44 адсоткі.

Паказальна тое, што дадзеныя “прэзыдэнцкіх” сацыёлягаў зусім нязначна адрозьніваюцца ад вынікаў апытаньняў, праведзеных незалежнымі службамі.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org