RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 27 Сакавіка 2000

Сёньня



Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў абурана жорсткімі й неадэкватнымі паводзінамі міліцыі ў вадносінах да журналістаў 25 сакавіка ў Менску. Прадстаўнікі БАЖ лічаць, што сіламі правапарадку былі парушаныя Канстытуцыя краіны, закон аб друку ды іншыя законы. Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе ад уладаў правесьці расьледаваньне й пакараць вінаватых у незаконным затрыманьні карэспандэнтаў.

Як паведаміла сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі прэзыдэнт БАЖу Жанна Літвіна, на цяперашні момант вядомыя прозьвішчы 34-х беларускіх і замежных журналістаў, затрыманых вайскоўцамі й міліцыяй ў раёне пляцу Якуба Коласа 25 сакавіка.

Спадарыня Літвіна назвала дзеяньні сілаў парадку супраць карэспандэнтаў “безпрэцэдэнтным хамствам ў вадносінах да людзей, якія выконвалі свой прафэсійны абавязак”. Асаблівае абурэньне кіраўніцтва БАЖу выклікалі скарыстаньне грубае сілы да здымачных групаў расейскіх тэлекампаніяў РТР і ОРТ, а таксама да карэспандэнтаў “Радыё Свабода” Алега Грузьдзіловіча, “Белорусской газеты” Дзьмітрыя Ермака й намесьніка галоўнага рэдактара “Свободных новостей” Аляксандра Тамковіча. (Журналістаў трымалі на тэрыторыі вайсковай часткі на вуліцы Маякоўскага і, паводле словаў прэзыдэнта БАЖ, не давалі магчымасьці зьвязацца са сваімі рэдакцыямі. Кіраўніцтва вайсковае часткі таксама не жадала даваць аніякай інфармацыі пра затрыманых.)

Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў не зьбіраецца пакідаць без увагі гэтыя факты грубага парушэньня закону ў вадносінах да сваіх калегаў. Вось, што заявіла сёньня Жанна Літвіна:

(Літвіна: ) “Я думаю, што перад ад’ездам быў дадзены загад не дапусьціць карцінкі, ня трэба ствараць карцінку для журналістаў пад час усяго гэтага сьвяткаваньня. А зразумелі “не даваць карцінку” – кожны хто як мог. І таму, як кажуць, была абвешчаная вайна журналістам. Мы патрабуем адстаўкі міністра ўнутраных справаў спадара Сівакова, мы патрабуем адстаўкі кіраўніка міліцыі гораду Барыса Тарлецкага. Гэта ня першы выпадак, павінны быць растаўленыя кропкі і прынятыя абсалютна рашучыя захады”.

– паведаміла прэзыдэнт БАЖу спадарыня Літвіна.

Кіраўніцтва Асацыяцыі таксама паведаміла пра масавыя затрыманьні журналістаў ва ўсе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. З пратэстам супраць затрыманьняў сваіх калегаў у Менску ужо выступіў Зьвяз журналістаў Летувы. Асаблівае шкадаваньне летувіцкія журналісты выказваюць з тае нагоды, што масавыя затрыманьні адбыліся ў дзень сьвяткаваньня 82-й гадавіны абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, калі людзі ўзгадвалі 1918 год – супольнае вызваленьне ад расейскага прыгнёту беларускага й летувіцкага народаў. Журналісты Летувы адзначаюць, што іхныя беларускія калегі сумленна выконвалі свае прафэсійныя абавязкі, і заклікаюць улады Беларусі спыніць барацьбу зь незалежнай прэсаю.

Адзін з супрацоўнікаў Цэнтру праўнай абароны СМІ Андрэй Бастунец паведаміў, што БАЖ мае намер падаць скаргу ў суд на дзеяньні міліцыі, а таксама будзе патрабаваць ад пракуратуры ўзбуджэньня крымінальнае справы супраць вінаватых у затрыманьні прадстаўнікоў мас-мэдыяў. Кіраўнікі БАЖ заклікалі журналістаў да таго часу, пакуль улады ня знойдуць і не пакараюць вінаватых у затрыманьнях іхных калегаў, не пісаць аніякіх станоўчых матэрыялаў пра дзейнасьць Міністэрства нутраных справаў.

БАЖ таксама ня будзе ўдзельнічаць у штогадовай выставе “Прэса-2000”, а замест гэтага зьбіраецца 3 траўня (у дзень адкрыцьця выставы, на якую мусіць прыехаць Лукашэнка), зарганізаваць пікет пратэсту перад выстаўным цэнтрам.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org