RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Сыбота, 25 Сакавіка 2000

Сёньня



Сьведчаньне ўдзельніцы сёньняшніх падзеяў на вуліцах Менску, сябры Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Валянціны Мароз.

(Мароз: ) “Мы былі сьведкамі таго, як міліцыя, заламаўшы рукі, уцягнула ў аўтобусы і павезла ў невядомым накірунку ўсё кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – Чахольскага, Крыварота, Беленькага…

Арыштаваныя таксама – гэта адбывалася на нашых вачах – сябры Менскіх радаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі спадар Новік і Пагарцаў.

Вельмі шмат арыштавана моладзі, людзей, якія выглядалі на ўзрост меней за 16 год. Відаць, міліцыя выхоплівала іх, каб застрашыць. Іншых – каб стварыць атмасфэру такога запалохваньня.

Я лічу, што паводзіны міліцыі былі брутальныя. Таму што ад вакзалу да канца праспэкту былі выстаўленыя амапаўцы. Яны стаялі па два бакі праспэкту. І адпаведным чынам – хто глядзеў на людзей на ходніках, а хто – на машыны. Але і машыны некаторыя, як я заўважыла, сыгналілі. Ім было хоць і няўтульна, але яны выканалі сваю ролю.

Ніхто нікому не прадстаўляўся. Адзінае, што былі праз узмацняльную апаратуру агучаныя тэксты пра тое, што мы павінны разыйсьціся, што мітынг – на Бангалёр, што тут – не дазволены, што тут будуць хапаць тых, хто не адыйдзе ад так званых удзельнікаў мітынгу. Хоць пазнаць, хто ўдзельнік мітынгу, а хто – не, нельга было. Людзі ўсе стаялі разам, гуртаваліся калі філярмоніі, каля гастранома “Сталічны” і каля ЦУМа. Уся гэтая прастора была запруджаная людзьмі. Іх час ад часу амапаўцы з дубінкамі штурхалі то ў адзін бок, то ў другі, і такім чынам ішло паляваньне на людзей. Яны выхоплівалі па адным чалавеку…” (плача)


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org