RFE/RL |
Панядзелак, 27 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
У панядзелак у Савецкім судзе Менску пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Судовыя справы затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка разглядаюць чатыры адміністрацыйныя судзьдзі: Аксана Рэлява, Іна Шыйко, Людміла Савасьцян і Руслан Казадаеў. Спачатку разглядаліся справы тых, хто атрымаў у РАУСах позвы ў суд і самастойна зьявіўся ў суд. Гэта: Ангеліна Масюта,
Усе яны абвінавачваюцца паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу за ўдзел у несанкцыянаванае ўладамі акцыі. Разгляд бальшыні гэтых справаў перанесены на іншы тэрмін з-за таго, што сьведкі з боку міліцыі, як звычайна, не зьявіліся ў судовае паседжаньне. Акрамя таго, некаторыя заявілі хадайніцтвы аб пераносе справы, каб мець час дзеля заключэньня дамовы з адвакатам. Такім чынам, толькі судзьдзя Людміла Савасьцян пасьпела вынесьці папярэджаньне Валерыю Голубу. Калі яшчэ разглядаліся гэтыя справы, да будынку суду пад’ехалі па чарзе тры варанкі, у якіх былі затрыманыя са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка з вуліцы Акрэсьціна. У гэтыя машыны запіхнулі больш як сорак чалавек. Міліцыянтам прыйшлося рабіць ракіроўку перад будынкам суду: машыны пад’яжджалі адна насупраць аднае, канвой адчыняў дзьверы й людзей дадаткова пераводзілі ў машыну, дзе было менш народу, бо самім міліцыянтам рабілася кепска з-за адсутнасьці кіслароду. У вадной з гэтых машынаў, у асобнай камэры да гэтага часу ўтрымліваецца моцна зьбіты дэпутат Анатоль Лябедзька. Ён знаходзіцца ў цяжкім стане, акрамя таго, у знак пратэсту абвясьціў галадоўку. У другой машыне ў васобнай камэры Юрась Беленькі, які таксама моцна зьбіты і яму неабходна мэдычная дапамога. Судзьдзі не спадзяюцца разгледзець адміністрацыйныя справы да канца працоўнага дня, але загаду працаваць пасьля 18-ці гадзінаў пакуль не было. Справу Віктара Івашкевіча, якога затрымалі прэвэнтыўна да пачатку акцыі, разгледзелі адной зь першых. Сьведкі з боку міліцыі Валянцін Шыманскі й Аляксандар Раманоўскі ў судовым паседжаньні прадставіліся як участковыя інспэктары Савецкага РАУСу, а замест службовага пасьведчаньня ў іх былі студэнцкія білеты курсантаў Акадэміі міліцыі. Калі іхныя паказаньні не супадалі з тым, што было напісана ў рапартах, то яны спаслаліся на забыўлівасьць. Судзьдзя вымушаная была перанесьці разгляд справы на 30 сакавіка. Віктар Івашкевіч паведаміў “Радыё Свабода”: (Івашкевіч: ) “Па-першае, гэта – акцыя застрашаньня. Ставілася на мэце правесьці масавыя рэпрэсіі, каб людзей напалохаць. Па-другое, арышты праводзіліся да мітынгу і шэсьця, прэвентыўна, скажам так. На штаб-кватэру БНФ першае нападзеньне і хапун адбыліся ў 11.30, а потым у 11.45, калі быў затрыманы і я. Далёка ад Якуба Колакса. Зараз на паседжаньні суда былі абсалютна хлусьлівыя і супярэчлівыя паказаньні так званых сьведкаў, у рапартах якіх было напісана, што яны затрымалі мяне на скрыжаваньні Якуба Коласа і Краснай, а самі давалі паказаньні, што затрымалі мяне каля ЦУМа. Іх пыталі, ці маглі яны адначасова знаходзіцца ў розных ачапленьнях, кажуць – не маглі. І наогул, абсалютна супярэчлівыя паказаньні, прычым, юрыдычна зафіксаваныя”. Назіральнікі зьдзівіліся колькасьці дастаўленых у суд з вуліцы Акрэсьціна. Высьветлілася, што пад час гэтак званае “зачысткі” на пляцы Якуба Коласа вайскоўцы пахапалі шмат апэратыўнікаў з КГБ. Такога раней не здаралася. Невядома, ці будзе КГБ зьвяртацца да беларускіх уладаў, каб пакаралі вінаватых. У гэты момант суды над затрыманымі ўдзельнікамі яшчэ працягваюцца. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |