RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 27 Сакавіка 2000

Сёньня



(эфір 26 сакавіка)
Ужо суткі больш за сотню затрыманых людзей знаходзяцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Заўтра яны будуць адвезеныя ў суды Менску, каб атрымаць свае пакараньні.

Учора пад час “зачысткі” на пляцы Якуба Коласа вайскоўцы зьбілі й затрымалі каля пяцісот чалавек. Большая частка людзей, у тым ліку журналісты, назіральнікі ды іншаземцы, трапілі на стадыён базы “Белпалку” на вуліцы Маякоўскага. Сярод іх былі 11 сябраў Польскае Рэспубліканскае Лігі разам з дэпутатам Сойму Мар’юшам Каміньскім, францускі рэжысэр, прадстаўнік АБСЭ Крыстофэр Паніка, тэлевізійная група польскае тэлевізіі, славацкі журналіст Любамір Чомбас, тэлевізійныя групы расейскіх тэлекампаніяў ОРТ, НТВ, РТР і беларускія журналісты. Такім чынам, журналістаў было затрымана больш за 30 чалавек.

Празь некалькі гадзінаў са стадыёну адпусьцілі каля дзьвюх сотняў чалавек. Астатніх адвезьлі ў Партызанскі РАУС, дзе на іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу (парушэньні пад час правядзеньня масавых акцыяў). Каля пяцідзесяці чалавек утрымліваліся ў Савецкім РАУСе. На іх таксама былі складзеныя пратаколы. Усіх гэтых людзей, акрамя непаўнагадовых, адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

16-цігадовы юнак зь Берасьця Аляксей Балашоў таксама быў затрыманы й адпушчаны ўначы з Савецкага РАУСу. Ён паведаміў “Радыё Свабода”:

(Балашоў: ) “Мяне затрымалі на вуліцы Якуба Коласа каля ўваходу ў мэтро. Схапілі ззаду за рукавы і каўнер, ды так, што я нават не пасьпеў апамятацца. Пасьля я пабачыў, што мяне цягнуць у міліцэйскую машыну. Са мной пасадзілі яшчэ двух чалавек. Гэта, верагодна, непаўнагадовы хлопец і дарослы мужчына. Непаўнагадовы спытаў, чаму яго затрымалі, а міліцыянт сказаў, што ён п’яны і ўдарыў яго ў твар. Пасьля нас завезьлі ў Савецкі РАУС. Там было больш за 40 чалавек. Сярод іх былі Івашкевіч, Алесь Чахольскі. Там я сустрэў свайго добрага знаёмага з Берасьця, паўналетняга. Яму таксама разьбілі вусны,”

– распавёў Аляксей Балашоў.

На гэты момант вядома каля 80-ці прозьвішчаў людзей, якія ўтрымліваюцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Сярод іх Юрась Беленькі, Анатоль Крыварот, Алесь Шатэрнік, Віктар Івашкевіч, Алесь Чахольскі, Алесь Падгарцаў ды іншыя. Заўтра павінны адбыцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася да грамадзкасьці й беларускіх уладаў, патрабуючы адстаўкі міністра Сівакова й пакараньня вінаватых у рэпрэсіях супраць журналістаў. Журналісты маюць намер спагнаць зь Міністэрства нутраных справаў кампэнсацыю за матэрыяльную шкоду, а некаторыя – і за маральныя страты.

Старшыня Полькага Сэйму Мацей Плажыньскі выступіў з заяваю да беларускіх уладаў з нагоды затрыманьня дэпутата Сэйму, а таксама да міністра замежных справаў Браніслава Гэрэмэка з просьбаю адрэагаваць на гэтую сытуацыю.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org