RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Сыбота, 25 Сакавіка 2000

Сёньня



Пра вынікі апэрацыі “зачысткі” паведамляе наш карэспандэнт Любоў Лунёва.

Пад час гэтак званае “зачысткі” на пляцу Якуба Коласа дзейнічалі вайскоўцы з брыгады нутраных войскаў. Яны хапалі ўсіх, хто трапляў ім на вочы. Акрамя прадстаўнікоў апазыцыі, пад гумавыя дубінкі траплялі жыхары Менску, якія выходзілі з крамаў.

На вачах дзясяткаў людзей адная жанчына вельмі сталага веку выйшла з унівэрсаму “Сталічны”. Калі ўбачыла, як вайскоўцы за валасы цягнуць па асфальце юнака, падыйшла да аднаго афіцэра й крыкнула: “Што вы робіце! Ён жа яшчэ зусім дзіцё!”. Афіцэр паклікаў свайго памочніка й той ззаду ўдарыў жанчыну дубінкаю па патыліцы. Падаючы, яна выпусьціла сумку з прадуктамі. На боты вайскоўцаў пырснула малако. Яны падхапілі жанчыну й пацягнулі яе ў “варанок”. Да сумкі падбег яшчэ адзін вайсковец, нагою прыпадняў яе, раскідаў усе прадукты й пабег да сваіх. Адная жанчына падбегла да іх, плакала – казала, што гэта яе старая хворая маці. Гэтую жанчыну таксама пацягнулі ў “варанок”.

Я была бліжэй за астатніх журналістаў да “варанка”. Да мяне падбег афіцэр і стукнуў па дыктафону дубінкаю. З яго высыпаліся батарэйкі. Два целаахоўнікі гэтага афіцэра пачалі іх таптаць. Нейкі апэратыўнік шапнуў ім, што я карэспандэнтка “Радыё Свабода”, тады яны радасна ўзвылі: “А вас мы сегодня будем “мочить” по отдельной программе!”.

Ля філярмоніі зьявіліся “РНЕ’шнікі”. Калі назіральнікі зьвярнуліся да вайскоўцаў – чаму не затрымліваюць “баркашоўцаў”? – тыя адказалі, што так і павінна быць, казалі – “это наши”.

У гэты час у аўтобус цягнулі й цягнулі іншых ахвяраў. Высьветлілася, што на пляцы дзейнічалі пераважна вайскоўцы, апранутыя ў міліцэйскую форму. Яны, акрамя загаду хапаць людзей, выконвалі і яшчэ адзін загад, які меў дачыненьне толькі да журналістаў: выхоплівалі з рук карэспандэнтаў відэакамэры, выймалі зь іх касэты, а многія камэры папросту білі.

Потым, відаць паступіла іншая каманда, і пачалі хапаць саміх журналістаў, назіральнікаў ды іншаземцаў. Калі мяне затрымалі і я трапіла ў машыну, там былі адныя назіральнікі й наш карэспандэнт Міхал Стэльмак. Побач з вайскоўцамі ляжалі дыктафоны й фотаапараты. У Стэльмака забралі касэту й акумулятар. У мяне хацелі адабраць дыктафон, але, калі я запэўніла іх, што ён не працуе, супакоіліся.

Нас трымалі ў машыне каля дзьвюх гадзінаў, казалі – няма куды везьці, Савецкі РАУС запоўнены затрыманымі, нават актавая заля (а паводле інструкцыі, нас павінны адвезьці менавіта туды). Потым прыйшла каманда весьці нас на базу – гэта стадыён на тэрыторыі вайсковае часткі, дзе ўжо было каля дзьвюх сотняў чалавек.

Усяго было затрымана каля пяцісот чалавек. Пераважна гэта былі журналісты й назіральнікі. Іх адмыслова трымалі на стадыёне, асобна ад тых, хто знаходзіўся ў будынку, каб не складаць пратаколы. Бо, па-першае, гэта не прэрагатыва вайскоўцаў, а па-другое, няма пратаколу й рапартаў з прозьвішчамі складальнікаў – ня ведаеш, на каго падаваць скаргу й атрымліваць кампэнсацыю за пашкоджаную маёмасьць.

Зараз у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна колькасьць затрыманых – больш за сотню.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org