RFE/RL |
Панядзелак, 27 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Уладзімер Пуцін быў абраны прэзыдэнтам Расеі ў першым жа туры галасаваньня, які адбыўся ў мінулую нядзелю. Як галасавалі расейцы, якія жывуць у Беларусі? Адпаведную выбарчую камісію ўзначальваў дарадца-пасланьнік амбасады Расеі Вячаслаў Каваленка. У інтэрвію “Радыё Свабода” ён паведаміў, што ў галасаваньні на выбарах прэзыдэнта ўзяў удзел 6 621 расейскі грамадзянін з тых, што жывуць у Беларусі (зь ліку 15-ці тысячаў, якія былі ўнесеныя ў выбарчыя сьпісы). Атрыманыя вынікі ня вельмі йстотна адрозьніваюцца ад вынікаў галасаваньня ў Расеі: 68 адсоткаў галасоў атрымаў Пуцін, амаль 13 адсоткаў – Зюганаў, 10 адсоткаў – Яўлінскі, амаль 3 адсоткі – Жырыноўскі, 1,5 адсоткі – Тулееў. Сярод расейскіх грамадзянаў, што жывуць у Беларусі, Пуцін атрымаў на 16 адсоткаў больш галасоў, чым у Расеі, а Зюганаў – амаль утрая менш. Зразумела, беларускія грамадзяне ў расейскіх выбарах удзелу не бралі, але пад час перадвыбарчае кампаніі заклікі на карысьць тых ці іншых кандыдатаў у Беларусі гучалі. У Берасьці распаўсюджваліся ўлёткі з заклікамі агітаваць сваіх родных і знаёмых у Расеі галасаваць за Зюганава. А кіраўнік беларускага Саюзу аўганцаў, сябра лукашэнкавай “Палаты прадстаўнікоў” Станіслаў Гаварушкін, выступаючы на дзяржаўнае тэлевізіі, заклікаў беларусаў пісаць лісты сваім расейскім сваякам, каб тыя галасавалі за Пуціна. Варта адзначыць, што гэтым разам беларуская тэма не фігуравала ў расейскіх перадвыбарчых дэбатах. Нават скандальнае зьбіцьцё журналістаў у Менску ў Дзень Волі, напярэдадні выбараў, не выклікала публічнае рэакцыі афіцыйнае Масквы. Хаця падзея сапраўды скандальная – да расейцаў добра ставяцца далёка не паўсюль, у розных краінах часам дастаецца й расейскім карэспандэнтам, але нідзе ў сьвеце, акрамя Беларусі, расейскіх журналістаў ня білі прадстаўнікі ўлады. Магчыма, Пуцін, які ў суботу патэлефаніў Лукашэнку, абмяркоўваў зь ім не абстрактныя праблемы стварэньня хаўруснае дзяржавы, а выкладаў сваё стаўленьне да зьбіцьця карэспандэнтаў ОРТ і РТР. Але публічна напярэдадні выбараў сварыцца з хаўрусьнікам ня сталі. Паказальным у расейскіх выбарах стала ня толькі перамога Пуціна, але й другое месца, якое зь вялікім адрывам ад астатніх прэтэндэнтаў заняў лідэр камуністаў Зюганаў. За 4 апошнія гады структура расейскага электарату амаль не зьмянілася: ёсьць два электаральныя гіганты – электарат улады й электарат камуністаў. Рэшта нязначная і расьцярушаная – Пуцін і Зюганаў разам узялі больш за 80 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў. Дарэчы, нядаўнія прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне паказалі, што і ў нашай паўднёвай суседкі структура электарату ў прынцыпе падобная. Тое, што Пуцін перамог у першым туры, можа мець дрэнныя наступствы і для Расеі, і для Беларусі. Калі б быў другі тур, Пуцін меў бы патрэбу ў пашырэньні колькасьці сваіх прыхільнікаў, у першую чаргу за кошт дэмакратычнага электарату. Зараз жа ў яго няма аніякіх абавязкаў перад палітычнымі сіламі, якія супрацьстаялі яму ў першым туры. Юры Дракахруст, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |