RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 24 Сакавіка 2000

Сёньня



Экспэрты ў галіне ўжываньня законаў са Злучаных Штатаў цьвердзяць, што адной з формаў беззаконьня, якая пашыраецца і дае рост прыбытку ва Ўсходняй Эўропе і краінах былога Савецкага Саюзу, ёсьць гандаль жанчынамі для заняткаў прастытуцыяй. У часе адпаведных слуханьняў у Вашынгтоне яны сказалі, што вызначыць памеры гэтай дзейнасьці цяжка. Адзін са сьведкаў у часе слуханьняў ахарактарызаваў іх як “жахлівыя”.

Джэймс Вэбэр з Фэдэральнага Бюро Расьледваньняў, які ў чацьвер выступіў на вашынгтонскіх слуханьнях кангрэсавай Камісіі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, сказаў, што ён толькі прыблізна можа акрэсьліць маштаб гандлю так званым жывым таварам, але ён можа сьцьвярджаць, што гэта надзвычай прыбытковы так бы мовіць бізнэс.

Камісія бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, адмысловая камісія кангрэсу ЗША, якая кантралюе, ці Эўропа прытрымліваецца Гэльсынскіх пагадненьняў у галіне правоў чалавека, а таксама пытаньні міжурадавага супрацоўніцтва.

Старшыня КБСЭ – кангрэсмэн-рэспубліканец зь Ню-Джэрзі Крыстафэр Сміт запытаўся ў Вэбэра, ці адпавядае рэальнасьці тое, што кошт жанчыны-рабыні з былых камуністычных краінаў складае больш-менш 20 тысячаў даляраў?”

Той, хто купляе жанчыну, плоціць за яе ў 10 разоў менш, чым потым мае ад гэтага прыбытку, – адказаў Вэбэр і растлумачыў, – напрыклад, нядаўна мы правялі дасьледваньне ў Сярэдне-Заходнім рэгіёне Злучаных Штатаў, якое паказала, што за кожную жанчыну, так бы мовіць, імпартаваную у ЗША для прастытуцыі пакупнік плаціў па 2 тысячы даляраў”.
 

Старшыня Камісіі Сміт адзначыў, што калі праваабарончыя агенствы адкрываюць групоўкі прастытутак, цяжка перасьледваць гандляроў паводле закону, бо ўрад ЗША хутка высылае жанчынаў на іхную радзіму. У выніку, няма ніякіх сьведчаньняў супраць гандляроў, а значыць няма і судовага перасьледу.

Вэбэр сказаў, што найлепшы спосаб змагацца супраць гандлю людзьмі можа палягаць на тым, што прададзеным жанчынам, варта было б дазволіць заставацца ў ЗША, прынамсі на нейкі час. Яны – ахвяры, а не злачынцы і іхныя сьведчаньні могуць дапамагчы спыніць злачыннасьць гэткага кшталту. Вэбэр адзначыў, што чакаецца прыняцьцё закону, які дазволіў бы заставацца жанчынам у ЗША так доўга, як гэта патрэбна, каб перасьледваць гандляроў паводле закону.

Афіцыйны прадстаўнік ФБР сказаў у сваю чаргу, што цяжка вызначыць канкрэтны размах гандлю “жывым таварам” ва Ўсходняй Эўропе і краінах былога Савецкага Саюзу. Але Вэбэр падкрэсьліў, што праблема, як ён сказаў, “жахлівая”, і яна будзе больш дэталёва вывучацца пры дапамозе праграмы Паўднёва-Ўсходняй Эўрапейскай сумеснай ініцыятывы. Праграма накіраваная на супольнае выяўленьне і разьвязаньне розных праблемаў, у тым ліку і праблемы гандлю людзьмі. Апрача Злучаных Штатаў, у ёй бяруць удзел Альбанія, Баўгарыя, Босьнія і Гэрцагавіна, Вугоршчына, Грэцыя, Македонія, Малдова, Румынія, Славенія, Турэччына і Харватыя.

Апрача сказанага, Крыстафэр Вэбэр адзначыў, што штаб-кватэра Паўднёва-Ўсходняй Эўрапэйскай сумеснай ініцыятывы будзе знаходзіцца ў Румыніі, і што румынская паліцыя была вельмі задаволеная курсам на разьвязаньня праблемы гандлю “жывым таварам”.

Мушу сказаць, што сярод жанчынаў, прададзеных за мяжу ў сэксуальнае рабства ёсьць і беларускі. Яны, разам з украінкамі, складаюць бальшыню 30-тысячнага кантынгэнту маскоўскіх прастытутак. Сярод 2 тысячаў усходніх прастытутак Вугоршчыны, паводле зьвестак паліцыі, таксама нямала беларусак. Апрача гэтага, ёсьць яны ў Нямеччыне, Галяндыі, Францыі, ЗША і іншых краінах.

Паводле “New York Times”, адным з найбуйнейшых імпартэраў прастытутак стаў Ізраіль. Шырокім попытам, піша газэта, там карыстаецца “жывы тавар” з Расеі, Украіны і Беларусі.
 
“Славянкі, – кажа ўладальнік начнога клюбу “Трапікана” ў Тэль-Авіве, дзе прастытуткамі працуюць больш як 20 дзяўчат з СНД, – вылучаюцца ня толькі сваёй прыгажосьцю. У выніку бядотнага стану, яны дзеля грошы гатовыя рабіць што заўгодна.

Сяржук Сокалаў-Воюш


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org