RFE/RL |
Пятніца, 24 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Кіраўніцтва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту адмовілася сёньня мяняць рашэньне аб забароне сьвяточнага шэсьця з нагоды Дня Волі. Новы кіраўнік сталіцы Міхаіл Паўлаў прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці БНР сабраць людзей на пляцы Бангалёр і правесьці там мітынг. На сустрэчу з новапрызначаным старшынём Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Паўлавым сёньня прыйшлі Вінцук Вячорка, Юры Хадыка, Анатоль Лябедзька й Мікола Статкевіч. Афіцыйнай мэтаю гэтае размовы было вырашэньне пытаньня пра заўтрашнюю сьвяточную дэманстрацыю. Пасьля ўчорашняе сустрэчы з намесьнікам старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Віктарам Чыкіным і шэфам сталічнае міліцыі Барысам Тарлецкім зьявілася надзея, што пытаньне пра шэсьце будзе вырашана станоўча. Учора спадар Чыкін прапанаваў апазыцыянэрам зарганізаваць дэманстрацыю з пляцу Якуба Коласа да пляцу Бангалёр, аднак без адпаведнага юрыдычна аформленага рашэньня. Арганізатары сьвяткаваньня з гэтай прапановаю не пагадзіліся, аднак спадзяваліся, што сёньня непасрэдны начальнік Чыкіна спадар Паўлаў прапануе больш прымальнае вырашэньне праблемы. Аднак канструктыўных прапановаў ад старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту апазыцыйныя лідэры так і не пачулі. Міхаіл Паўлаў адрынуў усе папярэднія дамоўленасьці сваіх падначаленых і прапанаваў выконваць старое рашэньне выканаўчага камітэту – праводзіць мітынг “на Бангалёры”. Вось што распавёў нашаму радыё пасьля заканчэньня сустрэчы зь Міхаілам Паўлавым Анатоль Лябедзька: (Лябедзька: ) “На гэтай сустрэчы спадар Паўлаў спрабаваў правесьці рэклямную кампанію самога сябе. Гаварыў шмат пра канструктыў, але, калі гаварыць пра вынікі, – гэтага канструктыву ня вельмі багата. Што датычыць нас, то мы са свайго боку зробім усё, каб акцыя прайшла так, як яна прайшла 15 сакавіка – магутна і прыстойна. Каб людзі, якія прыйдуць у гэты дзень – мы ўсё ж-такі нясем за іх вялікую адказнасьць… Мы паспрабуем прадставіць такі мэханізм, каб пазьбегнуць правакацыяў”, – паведаміў спадар Лябедзька. Чаму ж улады пайшлі на самы канфрантацыйны з усіх магчымых варыянтаў? Вось як адказаў на гэтае Вінцук Вячорка: (Вячорка: ) “Таму што баяцца народу”. …і АнатольЛябедзька: (Лябедзька: ) “У гэтай краіне прымае рашэньні толькі адзін чалавек. Мы можам сёньня сказаць, што адказнасьць за паводзіны гарадзкіх уладаў ляжыць пэрсанальна на Лукашэнку”, – паведаміў спадар Лябедзька. Тым ня менш, нягледзячы на ўсе забароны, арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі гавораць, што шэсьце заўтра пачнецца, як і было абвешчана, а 12-й гадзіне з пляцу Якуба Коласа. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |