RFE/RL |
Сыбота, 25 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Другі рэпартаж нашага карэспандэнта. На гэты раз – са спартовай залі вайсковае часткі на вуліцы Маякоўскага ў Менску, куды ён трапіў разам зь іншымі затрыманымі і здолеў захаваць свой мабільны тэлефон. У рэпартажы – інтэрвію Анатоля Лябедзькі. (Караткевіч: ) “Валер, скажыце, як вы былі затрыманыя, якія былі высунутыя супраць вас абвінавачаньні, і чаму гэта адбылося? Ці зрэагавала міліцыя на тое, што вы зьяўляецеся журналістам? Куды вас адвезьлі, дзе вы знаходзіліся, дзе вы цяпер?” (Каліноўскі: ) “Па-першае, мне ніхто нічога не патлумачыў. Мяне затрымалі пасьля таго, як я зьвярнуўся да капітана міліцыі, што не пускаў людзей ў бок Камароўкі… Мяне ўзялі за рукі, пасадзілі ва “уазік”, дзе сядзеў палкоўнік. Я спытаў у яго, куды мяне вязуць. Ён не адказаў. У мяне спрабавалі забраць мікрафон. Мы зараз знаходзімся ў спартовай залі вайсковае часткі па вуліцы Маякоўскага ў Менску. Сюды прывезьлі больш за 100 чалавек. Гэта пераважна журналісты, палітыкі, праваабаронцы, а таксама актывісты, якіх затрымалі на плошчы Якуба Коласа. Усіх больш за 100 чалавек. Быў затрыманы, нават, прадстаўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Крыстафэр Паніко, а таксама тут знаходзіцца дэпутат польскага сэйму Марыюш Каміньскі, які ў інтэрвію Радыё Свабода проста тут, у гэтай залі, паведаміў, што ён выказаў пратэст у польскую амбасаду, і што гэта яму нагадвае чылійскія падзеі 1973 году. Праўда, тады зганялі на стадыён, а цяпер – у спартовую залю”. (Караткевіч: ) “Валер, можаце больш падрабязна назваць адрас, дзе вы знаходзіціся?” (Каліноўскі: ) “Адзінае, што магу сказаць, што гэта вуліца Маякоўскага, вайсковая частка, магчыма, гэта так званы белполк. Тут проста ўсе журналісты, якіх я ведаю. Ірына Халіп, Калпакоў, Бабкіна, ну ўсе беларускія неазлежныя журналісты, якія патрапілі пад руку вайскоўцам, а таксама шмат іншых знаёмых твараў”. (Караткевіч: ) “Вы сказалі, што сярод затрыманых ёсьць праваабаронцы і палітыкі. Хто гэта?” (Каліноўскі: ) “Алег Воўчак, Анатоль Лябедзька, Валянцін Стафановіч з праваабарончага цэнтру “Вясна” і вельмі шмат іншых. Вельмі шмат журналістаў, ці не пераважная большасьць – журналісты”. (Караткевіч: ) “На сувязі быў наш затрыманы карэспандэнт Валер Каліноўскі. А зараз да ягонага мабільнага тэлефону падыйшоў Анатоль Лябедзька. Спадар Лябедзька, ваш камэнтар…” (Лябедзька: ) “Калісьці Піначэт пачынаў са стадыёнаў, Лукашэнка пачынае са спортзаляў. І тое, і другое – трагічна для лёсу краіны. Але калі для Чылі гэта ўжо – гісторыя, дык для нас – гэта рэчаіснасьць, гэта – сёньняшні дзень. На вялікі жаль, Лукашэнка наўмысна перакрэсьліў тую ідэю дыялёгу ў грамадзтве, пра якую багата размаўлялі на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё. Па-другое, ён сёньня прадэманстраваў сваё сапраўднае аблічча: у рэжыма – зьвярынае аблічча. І гэта старх свайго народа. І лепшага, як правесьці ўчора Савет Бясьпекі і забараніць сёньняшнюю акцыю сілавымі сродкамі, яны не маглі прыдумаць. Я ня ведаю, колькі кропак сёньня такіх, як нашая. Тут вельмі багата людзей, дзе мы знаходзімся. Я думаю, што гэтая акцыя адзначаная будзе тым, што сёньня былі самыя масавыя затрыманьні людзей”. (Караткевіч: ) “Учора Вінцук Вячорка ў інтэрвію нашаму радыё заявіў, што прагназуе, што 25 сакавіка будзе пастаўлены крыж на самой ідэі дыялёгу. Скажыце, ці былі нейкія перамовы з замежнымі назіральнікамі на выпадак сілавога разьвязаньня сёньняшняй сытуацыі?” (Лябедзька: ) “Так, мы з Вінцуком Вячоркам аб’ехалі ўчора амбасады і давялі да амбасадараў, як разьвіваюцца падзеі ў другой палове ўчарашняга дня. Я браў удзел у “круглым стале”, дзе прысутнічаў і Вік, які таксама сказаў тое, што гаварыў і Вінцук Вчорка. Заўтра, сказаў ён, я раблю такі прагноз, вельмі жахлівы, што будзе пастаўленая кропка на дыялёгу і мірным разьвіцьці падзеяў у Беларусі. На вялікі жаль, сёньняшні дзень якраз пацьвердзіў гэты прагноз”. Валер Каліноўскі
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |